Беларускі “Кракадзіл”, які падраў “В Контакте”

Гульні, якія распрацоўвае для расійскіх сацыяльных сетак беларуская праграмерская кантора з двух чалавек, збіраюць мільёны наведнікаў з усёй СНД. Еўрарадыё пагутарыла з адным з яе заснавальнікаў Юрам Мазанікам.
Юра Мазанік: Усё пачыналася ў вялікай айцішнай кампаніі . Працавалі за суседнімі сталамі, у метры адзін адзін ад аднаго, два хлопцы: Юра і Дзіма. І ўбачылі схільнасць да супольнай працы. Паглядзелі, што можна зрабіць, і зрабілі свой першы праект ― “Кракадзіла”.

А зараз ёсць кампанія, якая называецца “Белка технолоджис”. Гэта такі беларускі стартап, які займаецца вытворчасцю дадаткаў для “В Контакте” і краем вока глядзіць на іншыя сацыяльныя сеткі. Але мы дагэтуль не бізнэс-хлопчыкі. Мы тэхналагічна арыентаваныя.

Еўрарадыё: Ці проста было прарвацца да кіраўніцтва “В Контакте”, дамовіцца з імі?

Юра Мазанік: Зусім не складана, і гэта нас у свой час здзівіла. А яшчэ больш здзівіла, што афіцыйных дамоваў паміж распрацоўшчыкамі дадаткаў і “В Контакте” не так ужо і шмат. Адна з першых ― нашая. І, наколькі я ведаю, яна адзіная ў Беларусі.

Галоўнае для іх ― гэта наведвальнікі. Калі яны ёсць ― з “В Контакте” вельмі прыемна працаваць. І нават у бухгалтэрыі людзі вельмі прыемныя.



Еўрарадыё: Першыя праекты для “В Контакте” распрацоўваліся паралельна з асноўнай работай?

Юра Мазанік: І з навучаннем. Я вучуся ў аспірантуры. А Дзіма ― студэнт II курса мехмата БДУ, завочнік. Але праграміст з залатымі рукамі. Вось калі б ён яшчэ паліць кінуў...

А “Кракадзіла” мы напісалі за тры выходныя. Ад задумы да запуска праекта прайшло два месяцы.

Еўрарадыё: У мяне ў галаве пакуль што не ўкладаецца. “Кракадзіл” ― гэта гульня, у якой трэба рукамі махаць, нешта паказваць. А як гэта зробіш, калі чалавек сядзіць перад маніторам і ніхто яго не бачыць?

Юра Мазанік: Ёсць жа не толькі манітор, але і мышка. Чалавек малюе словы, як у Paint. Ты калі-небудзь маляваў што-небудзь мышкай? Вось адзін гулец малюе слова, а астатнія яго ўгадваюць! І пішуць свае варыянты адказаў у чат.

Мы праводзім адмысловыя конкурсы для “мастакоў”, і час ад часу яны малююць сапраўдныя мастацкія творы.



Еўрарадыё:
Як прыйшла гэтая ідэя?

Юра Мазанік: Ідэя гэтая ― Дзімы. А ён прыдумаў яе, калі глядзеў The Big Bang Theory ― “Тэорыю вялікага выбуху”. Там у адной з серыяў адны людзі малявалі нешта на паперцы, а іншыя адгадвалі. І мы падумалі, што гэта не так складана рэалізаваць на кампутары!

Еўрарадыё: Ці ёсць у вашай гульні пераможца?

Юра Мазанік: Ёсць такі параметр, як “хвосцік”. Ад пачатку кожнаму гульцу даецца 10 см хвосціка, і з часам ён расце, калі чалавек добра малюе ці хутка ўгадвае словы. Напрыклад, 1 мм хвосціка ― за малюнак. І 1 мм ― за тое, што хутчэй за ўсіх адгадаў слова.

Еўрарадыё: А чаму менавіта хвосцік?

Юра Мазанік: Ну, гэта ж кракадзіл! У яго ёсць зубы і ёсць хвосцік! Колькасць зубоў абмежаваная, а хвост у рэптыліі доўгі, і доўга расце. Вось ён і расце ў нас па міліметры. А зараз мы дадалі яшчэ адзін параметр ― “клёвасць”. Можна галасаваць за “мастакоў”, якія прыгожа малююць, каб яны малявалі часцей. Але клёвасць расце толькі ўдзень, а пасля кожны вечар абнуляецца. А хвосцік ― на ўсё жыццё ў “Кракадзіле”!

Сакрэт “Фермы”

Юра Мазанік: Адны распрацоўшчыкі ў размове з намі сфармулявалі ідэю большасці дадаткаў да “В Контакте”: трэба, каб там была адна кнопка, на якую клікае карыстальнік. Такія гульні для спіннага мозгу. І ў ідэале гэта кнопка “Заплаціць”.

Мы паглядзелі на ўсё гэта і заўважылі, што сегмент рынка дадаткаў... Праўда, складана назваць гэта рынкам, але ў сегменце лагічных і лінгвістычных галаваломак амаль нічога не было. Там былі хіба што славутыя гонкі на клавіятурах ― калі на хуткасць набіраеш тэкст, і чым хутчэй набіраеш, тым хутчэй машынка едзе. І больш нічога.



Еўрарадыё:
На чым трымаецца папулярнасць “Фермы” і іншых, так бы мовіць, не вельмі інтэлектуальных гульняў, якіх зараз шмат у сацыяльных сетках?

Юра Мазанік: Калі шчыра ― калі б мы першымі прыдумалі ідэю “Фермы”, мы ніколі б не адкінулі яе на карысць інтэлектуальных дадаткаў. Зрабілі б такую гульню і былі б зараз на вяршыні славы і пашаны.

У “Фермы” многа сакрэтаў папулярнасці. Першы ― гэта магчымасць пабудаваць уласны сусвет, у якім не трэба ні з кім змагацца, забіваць. Сусвет увесь з сябе станоўчы. Будуеш, ствараеш, усё буяе. І гэта прыцягвае, бо ўсе мы ў глыбіні душы хочам што-небудзь ствараць. Хаця б дрэва вырасціць.

Другое ― гэта ветлівасць і сацыяльнасць у адносінах да сяброў. Усе запрашэнні на “Ферму” пабудаваныя паводле прынцыпу “Дапамажы свайму сябру вырасціць дрэва ўдачы” і г.д. І ты пачынаеш гуляць, а пасля, нават калі не вельмі спадабалася, падтрымліваць сваю гаспадарку. Дзве расліны вырошчваць, на ўсялякі выпадак.




Еўрарадыё: Механізм прыцягнення людзей да гульні ў галаваломкі іншы?

Юра Мазанік: Натуральна! Калі чалавек заходзіць на “Ферму”, ён разумее, што гэта адніме ў яго пэўны час. Трэба паліць 40 раслінаў, вырваць зелле, пакарміць авечак, падаіць казла... А да нас людзі заходзяць, калі няма часу на гульню. На 2-3 хвіліны, каб пераключыцца ― і, напрыклад, вярнуцца да працы. Пагуляў, псіхалагічна адпачыў, намаляваў бяку ― і пайшоў далей. Праўда, часта людзі затрымліваюцца больш, чым на 2-3 хвіліны. Але гэта ўжо, як кажуць, іншае пытанне.

Да таго ж, у нас іншая палітыка. На ферме, калі ты доўгі час на яе не заходзіш, справы пачынаюць разладжвацца. Не сабраў ураджай у час ― ён гніе. А мы ў нашых гульцоў нічога не адбіраем.



Еўрарадыё: Людзі “працякаюць” скрозь “Кракадзіла”. Ці ёсць у гэтым праблема?

Юра Мазанік: Яна вырашальная. У нас людзі знаёмяцца, дадаюць адно аднаго ў сябры, бо ім цікава гуляцца адно з адным. Да таго ж, чалавеку, які хоча пагуляць, нашмат больш цікава гуляць з сябрамі, чым з незнаёмымі людзьмі. Таму ён запрашае сяброў. Так мы за вельмі кароткі час сабралі вакол “Кракадзіла” каля 3 мільёнаў карыстальнікаў.

Дарэчы, мы не адну гульню зрабілі. Ёсць такія, дзе трэба толькі думаць. Ёсць “Цуда-поле”, дзе трэба круціць барабан і ўгадваць словы ― гэта на эрудыцыю. Там зарэгістраваўся прыкладна 1 мільён гульцоў. Ёсць гульня на хуткасць рэакцыі і добрае веданне рускай мовы ― “Абракадабра”. Ёсць нешта накшталт Scrabble, толькі на хуткасць. Даецца дошка 5х5, і гульцы там шукаюць красвордныя словы і запісваюць на свой рахунак. Знайшоў слова “кот” ― значыць, твой супернік гэтага ўжо зрабіць не можа.

У пік папулярнасці да нас заходзіла 300 тысяч унікальных карыстальнікаў за дзень.

Беларускі варыянт дадаткаў да “В Контакте” не акупіцца

Еўрарадыё:
Чаму менавіта “В Контакте”? Гэта не першая і, да нядаўняга часу, не самая развітая сацыяльная сетка ў Расіі. І тым больш у сусвеце. Чаму, напрыклад, не Facebook?

Юра Мазанік:
Найперш мы паглядзелі, у якой краіне колькі карыстальнікаў сацыяльных сетак. Расія ― наступная за Кітаем і ЗША, за ёй ― Бразілія, што дае папулярнасць такой сетцы, як Orkut. А ў Расіі ― “В Контакте”, якая ўсё хутка партуе з Facebook. А Facebook, як мы ведаем, узняўся менавіта за кошт дадаткаў. І калі мы зараз паглядзім на “Одноклассники” ды “Мой мир” ― там таксама з’яўляюцца прапановы для распрацоўшчыкаў. Каб дадаткі можна было партаваць і туды.

Еўрарадыё: Чаму б не зрабіць які-небудзь дадатак на беларускай мове ці з нацыянальным каларытам? Той жа “Кракадзіл”, напрыклад.

Юра Мазанік: Такая думка ў нас была. І я так думаю, што калі-небудзь мы зробім такую гульню. Але не зараз, бо вось у чым рэч.

У нас невялікая фірма, якая не можа сабе дазволіць займацца дабрачыннасцю. Мы робім камерцыйныя праекты. Цяпер давайце падумаем, колькі людзей прыйдзе на беларускамоўную версію “Кракадзіла” “В Контакте”. Максімум ― 200 тысяч. Прычым гэта калі прыйдуць амаль усе зарэгістраваныя беларусы.

А гульня на 200 тысяч наведнікаў з нашай мадэллю манетызацыі не дазволіць сябе акупіць. Калі пад гэты праект знойдуцца людзі, якім цікава ўкладаць грошы ў беларускія гульні, ― тады так.

Еўрарадыё:
Але ці існуюць такія людзі ў прыродзе?

Юра Мазанік:
Нехта зараз падняў інвестыцыі і будуе беларускі клон “В Контакте”, які называецца www.vceti.by. Здаецца, іх “Белтэлекам” падтрымлівае. Я прыйшоў да іх і кажу: вы робіце якую-небудзь платформу для дадаткаў? У нас ёсць “Кракадзіл”, у яго 3 мільёны чалавек гуляе ў Расіі. Мы хочам у Беларусі зрабіць гэтую гульню, мы самі з Беларусі. Але яны адказалі, што ім зараз не да таго.

Ну калі ім не да таго... Пакуль яны вырашаюць іншыя праблемы ― нам няма куды прыйсці.




Еўрарадыё:
Колькі трэба наведнікаў, каб гульня акуплялася? І як яе акупляць?

Юра Мазанік:
Мы з людзей нічога не цягнем. Мы акупляем свае выдаткі рэкламай. Усім гэты механізм добра вядомы, але не ва ўсіх атрымліваецца. Для яго патрэбная вялікая наведвальнасць. Не 200-300 тысяч чалавек.

Было б цікава знайсці спонсараў пад тое, каб брэндаваць нашыя гульні. Напрыклад, у нас ёсць у “Цуда-полі” прызы ― лядоўні. Мы маглі б намаляваць лядоўні “Атлант”. Брэндаў у Беларусі шмат, і можна было б шмат цікавага прыдумаць.

Еўрарадыё: Ці мог бы беларускі “Кракадзіл” прасунуцца ў заходнія сацыяльныя сеткі?

Юра Мазанік: Зараз мы імкнемся пашырыць прысутнасць на расійскім рынку. Бо там працуе не адна сацыяльная сетка: “Одноклассники”, “Мой мир”, “Фотострана”... Таму рухацца ёсць куды.

А, напрыклад, у Facebook трапіць вельмі складана. Па-першае, на Facebook прывесці аднаго карыстальніка ў свой дадатак каштуе прыкладна 1 долар. Адпаведна, каб стварыць наведвальнасць у 100 тысяч, трэба адразу закладаць бюджэт у 100 тысяч долараў.

Да таго ж, Facebook ― вельмі прыцягальная сацыяльная сетка. Там добрая манетызацыя: калі “В Контакте” ты зарабляеш 10 цэнтаў, у Facebook ты тым жа самым заробіш долар. Таму туды ўсе імкнуцца, і большасць з тых дадаткаў, якія толькі магчыма прыдумаць, там ужо ёсць.

Таму я не ўпэўнены ў тым, што “Белка технолоджис” можа “з паўштуршка” скарыць Facebook. Расія для нас зараз бліжэй і прывабней.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі