Вы тут

Беларускі тэнар Павел Пятроў выйграў сусветны конкурс оперы Пласіда Дамінга

Павел Пятроў, маэстра Пласіда Дамінга і спявачка Эмілі Д'Анжэла. Фота з сацыяльных сетак

Беларускі тэнар Павел Пятроў стаў пераможцам сусветнага конкурсу оперы Operalia 2018, які прайшоў надоечы ў Лісабоне і які ладзіць сам Пласіда Дамінга

Павел Пятроў — мінчанін, выпускнік Беларускай акадэміі музыкі. Яму 27 гадоў. Яшчэ на другім курсе ён пачаў працаваць у мінскім тэатры оперы і выконваць вядучыя партыі ў спектаклях — Ленскага ў "Яўгене Анегіне", Альфрэда ў "Травіяце", Лыкава ў "Царскай нявесце". Цяпер выступае ў тэатрах Цюрыха, Граца, Зальцбурга, Бухарэста. Да гэтага станавіўся лаўрэатам міжнародных конкурсаў у Латвіі, Аўстрыі, Польшчы, Расіі, Малдове. 
Пра сваю перамогу ён напісаў у Фэйсбуку: 

"Я хачу выказаць вялікую ўдзячнасць маэстра Пласіда Дамінга, канкурэнтам "Операліі" , усім сябрам журы і ўсім, хто мяне падтрымліваў! Гэта велізарнае дасягненне для мяне, я вельмі шчаслівы і ганарлівы!!!"

Самы знакаміты ў свеце конкурс маладых оперных спевакоў быў заснаваны ў 1993 годзе Пласіда Дамінга. Яго офіс месціцца ў Парыжы, а сам конкурс штогод праводзіцца ў розных гарадах свету. У конкурсе бяруць удзел спевакі ад 18 да 32 гадоў, якія ўжо зарэкамендавалі сябе як прафесіяналы. Для ўдзелу спевакі дасылаюць свае аўдыёзапісы, і толькі 40 лепшых могуць паўдзельнічаць у самім спаборніцтве. Непасрэдна конкурс складаецца з чатырох этапаў. У фінале канкурсанты спяваюць з аркестрам, якім дырыжыруе сам Пласіда Дамінга. 

Цікава, што ў конкурсе захаваны гендарны баланс: у кожнай намінацыі ўзнагароджваюцца і мужчыны, і жанчыны. Першае месца разам з Паўлам заняла амерыкана-канадская меца-сапрана Эмілі Д'Анжэла. 

Таксама Павел атрымаў прыз, заснаваны ў гонар бацькі Пласіда Дамінга, The Don Plácido Domingo Ferrer Prize of Zarzuela. Ім жа ўганараваны партугальскі тэнар Луіс Гомес.