Беларуская публіка, арганізатары і музыкі, на жаль, не IN TOUCH

У Беларусі арганізатары, музыкі і публіка дзейнічаюць паасобку. І нават INTOUCH-2010 не здолеў іх аб’яднаць. Чаму так? У першы дзень на INTOUCH прыйшлі 3,5 чалавекі. Еўрапейскія музыкі — Грыша Ліхтэнбергер (Grischa Lichtenberger), Хано Ляйхтман (Hanno Leichtmann) і праект Пластэр (Plaster) — у адзіноце чакалі свайго выступлення за барнай стойкай.



Тым не менш, аматараў эксперыментальнай музыкі ў Мінску шмат. Пытанне: куды яны падзеліся? Арганізатары, Ўладзіслаў Бубен, Зміцер Плян і Косця, кажуць, што музыка на INTOUCH надта авангардная і “разумная” для беларускай публікі. І тое, што людзі не прыйшлі,  можа быць нават камплімент.



У гэты самы час публіка сядзіць дома і дбае пра свой імідж: маўляў, які прагрэсіўны чалавек пойдзе ў R’club? І спакойна прапускаюць адзіны ў Беларусі міжнародны фестываль эксперыментальнай электроннай музыкі.



А тыя, хто ўсё ж такі прыйшоў на першы дзень INTOUCH (музыкі + арганізатары + сябры арганізатараў + 3,5 чалавека), зусім не засмуціліся з-за колькасці людзей.



“Незапатрабанавасць” іх любімай музыкі, маўляў, толькі падвышае яе статус. І гэта сапраўды так. Толькі дзе “in touch” (з англ. “блізка”, “на сувязі”)? Як жа дыялог паміж музыкай і народам?



Музыканты ж, як сапраўдныя творчыя асобы, тым больш, жывуць у сваім уласным космасе. Нямецкі музыка-філосаф Грыша Ліхтэнбергер пасля 2 гадзін безвыніковага чакання дыялогу з беларускай публікай выйшаў на сцэну, сеў пад стол з апаратурай, і зайграў “музыку для мазгоў”.  Вельмі падобна да Autechre, якога ў Беларусі шмат хто проста баіцца слухаць.

Паралельна Г. Ліхтэнбергер кіраваў відэашэрагам белага шуму з такім інтарэсам, нібыта гэта быў вострасюжэтны ролік. І гэта ўсё адпавядае вобразу таленавітага касмічнага idm-шчыка, якім Грыша дакладна з’яўляецца.

На вобраз другога немца, Хано Ляйхтмана (Vulva String Quartett), паўплываў ягоны іншапланетны геній і праца з такімі міжгалактычнымі электроншчыкамі, як Jan Jalinek.

Для INTOUCH Хано выбраў мінімал-хаўс, хаця сам працуе не менш чым у 5 розных музычных накірунках пад рознымі псеўданімамі. За пультамі ён быў акцёрам не менш, чым музыкай. Здавалася, што Хано ўпершыню падпусцілі да апаратуры, і ён з дзіцячым інтарэсам (і з бакалам віна ў левай руцэ) націскае спрэс на ўсё, каб толькі пабачыць, хто будзе далей.

І ўсе гэтыя фрыкі засталіся па-за вокам шырокай публікі, якая ўсё ж такі прыйшла прасвяціцца эксперыментальнай музыкай, але на дзень пазней.



На другі дзень фестывалю ў галерэю сучаснага мастацтва “Ў” прыйшло, вядома ж, значна больш людзей, чым у начны клуб. Лічыцца, што ў стыльным месцы чалавек аўтаматычна пачынае лепш разумець эксперыментальную музыку. Варта толькі канцэптуальна апрануцца, прысесці і ўважліва паслухаць. Атрымліваецца, самае важнае ў музыцы — гэта месца, дзе яе выконваюць.

























Фота: Таранціна   

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі