Беларускага наёмніка ў Францыі прысудзілі да пажыццёвага пакарання

Беларускага наёмніка ў Францыі прысудзілі да пажыццёвага пакарання

15 красавіка суд у Парыжы завочна прысудзіў да пажыццёвага зняволення двух івуарыйскіх афіцэраў і ўраджэнца Беларусі, якія маюць дачыненне да гібелі дзевяці французскіх міратворцаў у Кот-д'Івуары. Пра гэта піша TUT.by са спасылкай на французскія СМІ.

Суд прызнаў, што грамадзяне Кот-д'Івуара Анж Маглуар Ацюалі і Патрыс Уэй, а таксама беларус Юрый Сушкін вінаватыя ў правядзенні рэйду каля івуарыйскага горада Буаке 6 лістапада 2004 года. Тады на базу французскіх вайскоўцаў скінулі бомбы два знішчальнікі-бамбавікі войска прэзідэнта Кот-д'Івуара Ларана Гбагбо. Пры гэтым загінулі дзевяць французскіх вайскоўцаў і грамадзянін ЗША, супрацоўнік гуманітарнай місіі. Яшчэ 38 вайскоўцаў атрымалі раненні.

Прэзідэнт Ларан Гбагбо патлумачыў бамбаванне базы памылкай. Французскія ваенна-паветраныя сілы ў адказ знішчылі амаль усю вайсковую авіяцыю Кот-д'Івуара — два штурмавікі Су-25 і пяць баявых верталётаў.

На наступны дзень пасля авіяўдару французскія войскі ў Абіджане затрымалі 15 наёмнікаў з Расіі, Беларусі ды Украіны, якіх адпусцілі праз чатыры дні. Як мяркуе следства, французскім дыпламатам, салдатам і разведцы было загадана "не ўмешвацца" ў гэтую справу.

Праз некалькі дзён Сушкіна і яшчэ семярых беларускіх наёмнікаў зноў затрымалі ды зноў адпусцілі.

Суд у Парыжы быў завочным, бо ўсім тром абвінавачаным удалося уцячы. Як будзе выконвацца прысуд, незразумела.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі