Беларускае войска закупіла бронекамізэлькі на 2,2 мільёна долараў

Міжнародная выстава ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2017 / С. Дубовік, газета "Навука"
Міжнародная выстава ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2017 / С. Дубовік, газета "Навука"

Беларускае войска закупіла 6 тысяч бронекамізэлек айчыннай вытворчасці за 4 мільёны 695 тысяч рублёў (2,2 мільёны долараў па курсе Нацбанка на 10 мая). Пераможцам тэндэру аказаўся Фізіка-тэхнічны інстытут Акадэміі Навук Беларусі. Акрамя яго ў таргах удзельнічала расійскае прадпрыемства КОЭСП-2 пры МУС РФ і полацкае прадпрыемства ТАА "ПОЛСПО-клас". Таксама армія закупіла бронешлемы і гарнітуры з актыўнай сістэмай абароны слыху беларускай вытворчасці.

Мяркуючы па тэндэрах, Міністэрства абароны плануе ў 2018-2019 гадах абсталяваць новай ахоўнай экіпіроўкай Сілы спецыяльных аперацый (ССА) у Беларусі: "Колькасць ССА складае якраз каля 6 тысяч чалавек", — адзначае ваенны аглядальнік Ягор Лебядок.

Усё новае ў першую чаргу ідзе ў Сілы спецыяльных аперацый, а затым ужо даходзіць да астатняй арміі, кажа ён. "Але магчыма, што частка абсталявання пойдзе і ў асноўныя падраздзяленні механізаваных брыгад сухапутных войск. Радуе, што бронекамізэлькі будуць беларускія, як і бронешлемы. Вядома, яны абкатку баявымі дзеяннямі не праходзілі масава, але мець магчымасць вытворчасці вялікай колькасці спецабсталявання заўсёды добра, а яго прыёмку, будзем спадзявацца, Міністэрства абароны правядзе належным чынам ", — заключае Лебядок.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі