Вы тут

"Беларусбанк" прыпыніў пераводы з рублёвых картак у валюту

pixabay.com

"Беларусбанк" з 14:00 26 сакавіка прыпыніў шэраг аперацыяў пры выкарыстанні банкаўскіх рублёвых картак. Гэтае абмежаванне закранае карткі фізічных асоб.

Як паведамляецца на сайце банка, часова немагчымыя будуць наступныя аперацыі:

— выдача ў банкаматах банка і касах банка наяўнай замежнай валюты па рублёвых картках;

— выдача наяўнай замежнай валюты па картках іншых банкаў у касах і банкаматах банка;

— унясенне беларускіх рублёў для папаўнення валютных картак;

— перавод у замежнай валюце з ужываннем рублёвых картак;

— залічэнне праз картку беларускіх рублёў на банкаўскія валютныя рахункі;

— папаўненне валютных банкаўскіх рахункаў пры дапамозе рублёвай карткі праз інфакіёскі і каналы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання банка (інтэрнэт-банкінг, М-банкінг).

Пры гэтым захоўваецца магчымасць рабіць наступныя аперацыі з рублёвымі карткамі:

— плаціць за пакупкі ў замежнай валюце ў арганізацыях гандлю (сэрвісу), у тым ліку інтэрнэт-крамах;

— пагашаць валютныя крэдыты Беларусбанка ў касах, праз інтэрнэт-банкінг і мабільны банкінг;

— атрымліваць наяўную замежную валюту ў іншых банках (у тым ліку за мяжой);

— купляць валютныя інтэрнэт-аблігацыі.

Таксама Беларусбанк не абмяжоўвае перавод грошай з валютных рахункаў на валютныя карткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.