Беларусь вырашыла прадаваць венесуэльскую нафту ЗША?

Еўрарадыё знайшло танкер, які мусіў ісці з Венесуэлы ў Адэсу, каля амерыканскага берага. Да канца чэрвеня ў Адэсу планавалася даставіць 240 тысяч тон венесуэльскай нафты для Беларусі. Яе павінны былі прывезці 3 танкеры па 80 тысяч тон кожны. Пра гэта казаў міністр транспарту і сувязі Ўкраіны Канстанцін Яфіменка.

Аднак як даведалася Еўрарадыё, Адэскі марскі порт чакае толькі два танкеры з Венесуэлы.

Супрацоўнік нафтараёна Адэскага марскога порта: “Першы танкер цяпер недзе ў раёне Дарданэлаў, ён прыйдзе недзе 20 чэрвеня. А другі прыйдзе прыкладна 29 чэрвеня. Праўда, дзе ён, мы пакуль не ведаем. Магчыма, ён яшчэ недзе ў раёне порта пагрузкі, то бок там, дзе ён грузіцца”.

Дзе ж абяцаны трэці танкер з венесуэльскай нафтай? Паводле звестак незалежнага аналітыка Сяргея Чалага, ён цяпер знаходзіцца... у Мексіканскім заліве! Замест таго, каб рухацца на Адэсу, ён стаіць на рэйдзе каля амерыканскага ўзбярэжжа.

Сяргей Чалы: “Пасля таго, як танкер Amalthea выйшаў з Венесуэлы, ён замест таго, каб ісці на ўсход праз Атлантыку, павярнуў на поўнач і рушыў у бок амерыканскага ўзбярэжжа. Цяпер, 14-16 чэрвеня, ён стаіць на рэйдзе каля Новага Арлеана. Каб было зразумела, скажу, што там на ўзбярэжжы сканцэнтравана некалькі нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў”.

Высветліць, дзе цяпер знаходзіцца танкер, і адсачыць яго маршрут кожны жадаючы можа праз інтэрнэт. Вось раён, дзе знаходзіцца Amalthea:



Па звестках міжнароднай судаходнай фірмы RS Platou, танкер Amalthea выйшаў з порта Курасао на Малых Анцільскіх астравах (80 км ад узбярэжжа Венесуэлы) 28 траўня. Месца яго прызначэння — Адэса, а зафрахтавала яго кампанія Petróleos de Venezuela, сумесна з якой створана СП “ПетралераБелаВенесалана”. Не пабываўшы на самім танкеры, можна толькі здагадвацца, які груз ён вязе.

Дакладна вядома, што цяпер “Амальтэя” замест Адэсы чакае сваёй чаргі на ўваход у адзін з партоў Мексіканскага заліва. На думку Сяргея Чалага, калі на танкеры нафта, то, хутчэй за ўсё, яе выгрузяць у порце Gulfport, каб прадаць амерыканскім кампаніям. Калі ж гэта сапраўды тая венесуэльская сыравіна, што прызначалася для Беларусі, то заробленыя грошы пусцяць на аплату беларускай пазыкі за газ, пра якую 15 чэрвеня заявіў прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў.

Сяргей Чалы: “Відавочна, замест таго, каб везці гэтую нафту на перапрацоўку ў Мазыр, зрабілі, як раней планавалася, каб прадаць яе ў Амерыку і адразу атрымаць грошы. А імі ўжо расплачвацца за расійскую нафту. Я падазраю, што гэтыя грошы таксама могуць пайсці на аплату расійскага газа”.

Падлічым. На танкеры прыкладна 80 тысяч тон венесуэльскай нафты. У адной тоне каля 7,6 барэляў. Барэль цяпер каштуе каля 75 долараў. Памнажаем гэтыя лічбы і атрымліваем каля 45 мільёнаў долараў. Тры-чатыры танкеры, якія замест доўгага шляху да Адэсы пройдуць праз Мексіканскі заліў і разгрузяцца ў ЗША, — і ў Беларусі хопіць грошай на тое, каб пакрыць газавую пазыку.



Аднак ніякіх афіцыйных каментароў наконт таго, ці сапраўды танкер з венесуэльскай нафтай, прызначанай для Беларусі, накіраваўся замест Адэсы ў ЗША, Еўрарадыё атрымаць не ўдалося.

Наяўнасць больш мэтазгодных варыянтаў, чым транспарціроўка нафты з Венесуэлы, пацвярджаюць і ў Беларускай нафтавай кампаніі; праўда, нічога канкрэтна наконт Амальтэі не кажуць.

“Зразумела, што з Венесуэлы везці нафту ў Беларусь далекавата. Больш эканамічна мэтазгоднымі былі б розныя варыянты замяшчэнняў, ― патлумачыла Еўрарадыё намеснік гендырэктара БНК па фінансавых і эканамічных пытаннях Ірына Татарнікава. ― То бок гэта так званыя своп-здзелкі, якія шырока практыкуюцца ў свеце.

Калі ў кагосьці знайшоўся інтарэс і патрэба ў нафце, скажам, у Амерыцы, а кампанія якая раней везла туды нафту здалёк і мае магчымасць паставіць нафту ў Беларусь аднекуль бліжэй, напрыклад, з Расіі, Казахстана, Азербайджан,
гэта можа быць супольная выгада”.

Такім чынам, нафта з "Амалтэі" можа прызначацца не на продаж, а на абмен з якой-небудзь кампаніяй, якая транспартыруе сыравіну ў ЗША з Каспійскага мора ці іншых радовішчаў. Ёсць і іншая версія знаходжання танкера ля амерыканскага берага. Цалкам магчыма, што там ён дазагружаецца нафтапрадуктамі, на якія Расія ўвяла экспартныя пошліны і якія Беларусь больш не хоча набываць ва ўсходняй суседкі. Тады пасля дазагрузкі ён рушыць запланаваным курсам — у Адэсу.

На фота: танкер Amalthea.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі