Беларусь у Мытным саюзе асабліва нічога не атрымлівае, але і не губляе

Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі, наведваючы Гомельскую вобласць, інфармуе БЕЛТА. Аляксандр Лукашэнка распавёў журналістам, што на адным з закрытых паседжанняў ён спытаў у Дзмітрыя Мядзведзева, ці не ствараецца Мытны саюз, каб запалохаць Захад: "Калі вы нас у СГА не берэце, то мы сваё СГА тут створым? Калі так, то вы нам скажыце, можа мы вас у гэтым і падтрымаем". Адказ расійскага прэзідэнта, маўляў, быў такім: "А што тут дрэннага, можа быць і так".

На думку Лукашэнкі, Мытны саюз для Расіі - своеасаблівая вялікая гульня. Па словах беларускага кіраўніка, Расія ў гэтым Мытным саюзе пакуль толькі набывае. Беларусь пакуль нічога не набывае, але і не страчвае, таксама як і Казахстан.

"А далей ужо пойдуць перамовы па роўным доступе да трубаправоднага транспарту. Гэта значыць, ужо Казахстан павінен атрымаць права транспартаваць па расійскіх шляхах свае тавары ў Беларусь і наадварот. Вось тады і паглядзім, ці пагодзіцца Расія ўпусціць казахстанскую нафту і прыродны газ у свае трубы, каб была канкурэнцыя на рынку. Вось тады і ўбачым, ці патрэбен ёй сапраўды Мытны саюз ці не", - адзначыў Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі