Беларусь перасталі лічыць паўнавартасным сябрам Усходняга партнёрства

Такое меркаванне ў гутарцы з Еўрарадыё выказаў палітолаг Дзяніс Мельянцоў.

Па яго словах, колькасць сувязяў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам змяншаецца. І рэпрэсіі пасля 19 снежня прывялі да таго, што Беларусь перасталі разглядаць як паўнавартаснага ўдзельніка Ўсходняга партнёрства.

Мельянцоў: "Хоць Савет Еўрапейскага Саюза прыняў рашэнне, што ён не выключае Беларусь са шматбаковага супрацоўніцтва ў межах Усходняга партнёрства, але фактычна тое, што Беларусь зараз выключана з Еўранэста азначае, што Беларусь не паўнавартнасны сябар гэтай арганізацыі. Для нас абмежаваныя шматлікія магчымасці ў межах гэтай ініцыятывы. Для апазіцыі, па шчырасці, я не думаю, што нават калі б адносіны ў нас больш добра развіваліся, чым зараз, што беларуская апазіцыя трапіла б у гэтую дэлегацыю Еўранэста. Усё ж паводле дакументаў Усходняга партнёрства Еўранэст — гэта міжпарламенцкая структура, дзе павінны засядаць парламентары. Таму не думаю, што тут апазіцыя вельмі моцна страціла, бо наўрад ці б туды і трапіла. А беларускі афіцыёз натуральна страціў! Гэта была дадатковая пляцоўка, каб беларускія дэпутаты парламенту маглі ездзіць у Брусель і камунікаваць са сваімі еўрапейскімі калегамі".

Палітолаг лічыць найбольшай стратай скасаванне беларуска-еўрапейскага дыялогу ў рамках Еўранэста.

Мельянцоў: "Самае галоўнае, што павінны былі рабіць дэпутаты ў Еўранэсце, — гэта ўзгадняць узровень супрацоўніцтва, праекты, рабіць маніторынг гэтых сумесных праектаў, увогуле сумеснай дзейнасці. Гэты орган заканадаўча нічога не вырашае, але гэта важная камунікатыўная пляцоўка паміж шасцю краінамі Усходняга партнёрства і ЕС".

Як гэта адаб'ецца на ўдзеле Беларусі ва Усходнім партнёрстве? Мельянцоў лічыць, што вялікага ўплыву гэтае рашэнне мець не будзе:

Мельянцоў: "Удзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве ён і так вельмі моцна абмежаваны. Мы можам удзельнічаць толькі ў шматбаковым вымярэнні супрацоўніцтва. Але гэтае шматбаковае вымярэнне было дэ-факта заблакаванае і яно не працуе. Тыя праекты, якія Беларусь падавала разам з Украінай і Літвой на разгляд, яны да гэтага часу неразгледжаныя. Не зразумела, што з імі такога там здарылася ці будуць яны ўвогуле ўхваленыя. Я вельмі сумняюся ў гэтым, з-за нашай вельмі складанай палітычнай сітуацыі, палітычных адносінаў з ЕС. Таму калі казаць наколькі адаб'ецца адсутнасць Беларусі ў Еўранэсце, то гэта не такая важная падзея".

Нашмат больш важным палітолаг лічыць, што само супрацоўніцтва Беларусі і Еўрасаюза зараз знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. Рашэнне наконт Еўранэсту Мельянцоў называе негатыўным. Але, кажа ён, гэта не фатальна для адносінаў, якія знаходзяца ў зародкавым стане.

Фота: spring96.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі