Лукашэнка падпісаў Мытны кодэкс ЕАЭС

Лукашэнка падпісаў Мытны кодэкс ЕАЭС

11 красавіка Беларусь падпісала Мытны кодэкс Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС, ён прыйшоў на змену Мытнаму кодэксу Мытнага саюза). Пра гэта інфармуе ria.ru са спасылкай на словы дырэктара дэпартамента мытнага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Дзмітрыя Някрасава.

Па яго словах, цяпер Мытны кодэкс паступіў у ЕЭК і бліжэйшым часам будзе апублікаваны на яе сайце.

Іншыя краіны ЕАЭС падпісалі гэты дакумент на саміце кіраўнікоў ЕАЭС у снежні 2016 года. Аляксандр Лукашэнка на гэты саміт не паехаў і заявіў, што Беларусь мае супярэчнасці з Мытным кодэксам ЕАЭС. 

Днямі прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык на брыфінгу не выключыў, што афіцыйны Мінск можа падпісаць Мытны кодэкс бліжэйшым часам, але не называў канкрэтную дату.

Як паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар беларускага ўраду Уладзіслаў Сычэвіч, ён не мае інфармацыі на тэму падпісання Мытнага кодэксу. Аднак адзначыў, што там мусіў паставіць подпіс толькі Аляксандр Лукашэнка. Якраз учора кіраўнік Беларусі меў тэлефонную размову з расійскім прэзідэнтам.

Неўзабаве прэс-сакратар кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант пацвердзіла, што Аляксандр Лукашэнка сапраўды падпісаў Мытны кодэкс. Чакаецца, што ён пачне дзейнічаць з 1 ліпеня 2017 года.

Як вядома, у ЕАЭС уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі