Беларусь хоча льгот на нафту і газ за прызнанне Абхазіі і Паўночнай Асеціі?

Беларускі дэпутат Віктар Гумінскі ў інтэрв'ю “Інтэрфаксу”, так пракаментаваў пытанне аб прызнанні парламентам Абхазіі і Паўдневай Асетыі:

“Мы можам ставіць пытанне, наколькі адзін бок — Беларусь — гатовы да магчымых наступстваў, а другі бок — Расія — гатовая кампенсаваць тыя наступствы".
Еўрарадыё запытала ў Віктара Гумінскага, пра якія кампенсацыі ды наступствы ідзе гаворка. Па словах дэпутата, пад кампенсацыяй ён разумее вырашэнне праблемных пытанняў паміж Расіяй і Беларуссю, якія тычацца нафты, газа і г.д.

Віктар Гумінскі: "Я не меў на ўвазе, каб кампенсаваць у якімсьці плане. Тут маецца на ўвазе вырашэнне праблемных пытанняў паміж Беларуссю і Расіяй. Пытанні розныя і яны вядомыя. Гэта пытанні і газа, і гандлю, і мытных пошлін на нафту і гэтак далей".

У выпадку прызнання паўночнакаўказскіх рэспублік, Гумінскі не выключае, што Еўропа пачне ўводзіць нейкія санкцыі супраць Беларусі. Але якія гэта будуць санкцыі, дэпутат разважаць не бярэцца.

Віктар Гумінскі: "Гэта не мая прэрагатыва адказваць за той бок. Я не выключаю, што наступствы для Беларусі могуць наступіць. Якія? Гэта трэба браць поўнасцю ўвесь комплекс пытанняў, таму я не хацеў бы пра гэта разважаць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі