БелаПАН выступіў з заявай у сувязі з DDоS-атакай на сайты кампаніі
Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН выступіла з адмысловай заявай пасля DDоS-атакі на свае сайты. Як паведамляла Еўрарадыё, DDоS-атака на сайты belapan.by і naviny.by пачалася 3 кастрычніка. Як адзначаюць у кампаніі, масіраванаы DDоS-напад працягваецца дагэтуль.
"DDоS-атака пачалася пасля публікацыі ў інтэрнэт-газеце naviny.by артыкулаў пра рэлігійна-палітычную акцыю "Малітва за Беларусь". У іх крытыкаваліся метады яе арганізацыі, прыводзіліся думкі студэнтаў, якія "па разнарадцы" прыйшлі на гэтае мерапрыемства з удзелам кіраўніка дзяржавы. Мяркуем, што гэта аб'ектыўнае, не ва ўгоду ўладам, асвятленне і выклікала незадаволенасць ідэалагічных работнікаў, якія аддалі каманду падвергнуць нашы рэсурсы DDоS-нападу", — гаворыцца ў заяве.
Гэтае здарэнне ў агенцтве БелаПАН ацэньваюць як грубы ціск на незалежны сродак масавай інфармацыі і парушэнне канстытуцыйных прынцыпаў свабоды слова і свабоды прэсы. Звяртаецца ўвага, што здарэнне адбылося падчас выбарчай кампаніі.
У заяве адзначаецца, што БелаПАН — гэта афіцыйна зарэгістраваны ў Беларусі сродак масавай інфармацыі. Згодна з беларускім заканадаўствам сервер кампаніі размешчаны ў Беларусі, у дата-цэнтры дзяржаўнага манапаліста РУП "Белтэлекам". У сувязі з гэтым БелаПАН патрабуе арганізаваць бяспечнае абслугоўванне сваіх сайтаў і абарону ад любых замахаў на іх паўнавартасную працу.
Фота: iclass.eccouncil.org