Be2gether — гэта выключэнне сярод шматлікіх літоўскіх фестываляў

Калі нас спытаць пра літоўскія фестывалі, мы адразу назавем Be2gether. Але Be2gether  — гэта зусім не тыповая для Літвы падзея. Ён створаны паводле рэцэпту добрага еўрапейскага фэсту, але ў літоўцаў ёсць свая фестывальная кухня. І яна ніяк не звязаная з камерцыяй. Геніс, дыджэй: “Насамрэч, гэта такі фестываль, якія адбываюцца паўсюль у Еўропе. Мы былі, напрыклад, у Бельгіі на фестывалі “Роквэхтэр”. Там сотні тысяч людзей і кіламетры намётаў: раёны проста. І больш я на такі фестываль не хачу. Таму нават на наш Be2gether не збіраюся. Калі паклічуць пайграць — згаджуся. Але плаціць свае грошы — гэта не”.



Эгле, віджэй: “Ну як сказаць… Фестываль для масавых людзей. Мне такія фестывалі хутчэй не падабаюцца, бо ён дужа камерцыйны”.

Сапраўдныя ж літоўскія фестывалі вырастаюць толькі пры асаблівых умовах — сярод добрых сяброў і прыроднага асяроддзя.

Юліяна, арганізатарка фестывалю Supynes: “Спачатку гэта сяброўская туса дзе-небудзь на вёсцы. Сто чалавек граюць, купаюцца, бавяцца”.



І калі вы сапраўды хочаце быць у фестывальнай тэме, трэба пачынаць капаць. Таму мы і накіраваліся на адзін з аўтэнтычных літоўскіх фестываляў Supynes (Супінэс). Ён ставіць перад сабой важныя задачы, распавядае Юліяна:

“Канцэпцыя простая: мы збіраем усіх маладых і таленавітых літоўскіх музыкаў, якія толькі-толькі пачынаюць выступаць на сцэне. Нам ахвота, каб нашыя слухачы даведваліся пра гэтую музыку, дзяліліся думкамі наконт яе”.



За тры гады фестываль вырас да якаснага сур’ёзнага івэнту. Пры гэтым арганізатары нічога не зарабляюць, ўдакладняе Юліана:

"Supynes —  гэта зусім не камерцыйны фестываль. Мы ніколі не зарабляем, толькі вельмі стамляемся, але задавальненне ад гэтага вялізарнае."

І атмасфера фесту засталася такой жа прывабнай, пацвярджае вядомы літоўскі MC Масаі:

“Нягледзячы на тое, што Supynes павялічыўся і прадстаўляе розныя музычныя накірункі, тым не менш, ён не згубіў сваю утульную атмасферу.



Для іх  Supynes — гэта дзіця, у якога шмат укладаюць і ад якога нічога не патрабуюць наўзамен. Дарэчы, назва фестывалю  Supynes (па-беларуску — “арэлі”) прыйшла да нас з дзяцінства.

Юліяна:
“Назва фестывалю з’явілася сама па сабе. Арэлі — гэта дзяцінства, інфантыльнасць, сяброўскасць. І ёсць такі дзеяслоў “закачацца” у тым сэнсе, што галава кругам ідзе. Гэта менавіта тое пачуццё, якое мы хочам выклікаць у людзей”.

Самы вялікі фестываль (Be2gether  не лічым) — Tundra (Тундра). Спачатку ён быў трансавы. Зараз жа ён доўжыцца чатыры дні і прадстаўляе чатыры сцэны з самымі рознымі музычнымі накірункамі.

Юліяна: “Тундра” — больш масавы. У адрозненне ад нас, яны даюць рэкламу ў масу. Мы ж вельмі падбіраем , каб не сабраліся выпадковыя людзі, якія хочуць патусавацца”.



Самым лепшым літоўскім фестывалем лічыцца Satta Outside, які ладзіць культавы віленскі клуб Satta. Калі вы вымавіце гэтыя магічныя словы, адразу ўбачыце прасветленыя і шчаслівыя вочы маладых літоўцаў. Satta Outside — гэта фестываль, на якім нават музыка перастала мець вялікае значэнне. Атмасфера там настолькі прывабная, што штогод на Satta Outside прыязджае не менш за трыццаць сабак.

Таму Літва стала своеасаблівым еўрапейскім анклавам, дзе фестывальнае жыццё яшчэ не паглынула камерцыя. Калі вам цікава паглядзець на людзей, якія год рыхтуюць фестываль, проста каб атрымаць ад  яго асалоду, — час ехаць. І як мага хутчэй, пакуль яшчэ не позна.



Фота: Арома, Таццяна

Удзельнічай у конкурсе "Тэлепорт у Літву і выйграй канцэпт-тур па Літве!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі