“Бархатный сезон”: бэз, пурпур і недвухсэнсоўны блакіт (гук)

Хаця галоўная сцэна фэсту і закрылася адразу пасля выступу хэдлайнераў Parov Stelar Band, у ноч на 5 верасня гледачы паспелі пабачыць у Крутагор’і такое... Такога... А дакладней, такое ў “нетакога”! Дзівіцеся на фотарэпартаж Еўрарадыё з месца падзеяў.
4 верасня ў Крутагор’і было цёпла і шматлюдна. Натуральна, у параўнанні з папярэднім канцэртам. Праўда, гэта не пазбавіла групу Pur:Pur неабходнасці адказваць падчас прэс-брыфінгу на пытанне “Якая самая малая колькасць гледачоў прыходзіла на вашы канцэрты да сённяшняга дню?”

(Адказ для цікаўных: 20 чалавек у піцерскі клуб “Грибоедов” на канцэрт, які адбыўся неўзабаве пасля таго, як у Пярмі згарэла “Хромая лошадь”. У Крутагор’і людзей было разоў у 20 больш)



Канцэрт на галоўнай сцэне адкрылі The Blackmail, якіх мы ўсе, уласна кажучы, адкрылі сёлета. Хлопцы выдалі выдатны сэт, які, на жаль, стаўся здабыткам нешматлікіх... Пасля на сцэне з’явіліся першыя замежныя госці “Бархатного сезона” ― украінцы Frost Nova.



Гурт гэты запомніўся найперш touch style’ам леварукага Данілы Іудзіна. Але 10 амаль аднолькавых песень на англійскай мове, якія адну за адной заспявала Тоня “The Bullet”, хутка забыліся, бо яе моцны і прыгожы голас патануў у таленце 17-гадовай Ані Жданавай, вакалісткі Lilac.



“Яны ўпершыню граюць разам ― вакал, бубны, клавішы. Дагуэтуль яна выступала сама. І сцэна такога маштаба для іх упершыню, ― распавяла мэнэджэр гурта Наталія Пыліла. ― А тыя demo, якія ёсць у Lilac, увогуле запісаныя, калі ёй было 14, а хлопчыку на клавішах ― каля 20”.



Пакуль “бэзавыя” сцягвалі людзей да сцэны, у прэс-цэнтры пачаўся вышэй згаданы брыфінг. “Я была ўпэўненая, што ў вас у краіне “зайчыкі” дагэтуль, а тут нам распавялі, што ў вас ледзь не каменданцкія гадзіны... Але Лукашэнка ў нас у Харкаве ― усё ж не страншы, а хутчэй смешны персанаж!” ― Заявіла Ната Смірына з Pur:Pur. Праз нейкі час пасля чаго музыкі выказалі спадзеў, што яшчэ не раз прыедуць у Беларусь.



“Пурпурныя” настолькі затрымаліся на брыфінгу, што гледачы мімаволі сталі сведкамі перфоманса ад радыкальнага фрыка па мянушцы Lesha Lip. Увогуле Лёша мусіў выступаць на другой сцэне і на 4 гадзіны пазней. Але хто б з вас не вылез на галоўную сцэну такога фэста, калі б быў маладым нахабным эксгібіцыяністам?!


Нарэшце Pur:Pur з’явіліся за кулісамі, і вядучы канцэрта Саша Багданаў намякнуў Лёшы, што час спяваць “апошнюю”. Але толькі Саша адвярнуўся, як Lesha Lip спусціў штаны і застаўся ў майтках, з якіх нешта сарамліва выпірала. “Atlantic!” ― пахваліўся Лёша, папраўляючы сподняе на сваёй немаленькай дупе.


“Гэта ж галоўны сэкс-сімвал беларускіх п..., ― пракаментаваў тое, што адбывалася на нашых вачах, арт-дырэктар клуба “Графіці” Ян Бусел, які тусаваўся ў першым шэрагу гледачоў. ― Памятаю, калі мы яго з нашага клуба выганялі, такі скандал быў! Не ведаю, хто яго тут пусціў на сцэну...”

Вось так паціху, як сам фэст “Бархатный сезон”, мы падыходзім да хэдлайнераў... Але і зараз яшчэ ім выйсці не час. Пасля “блакітнага” разагрэву свой інтымны джаз прэзентавалі Pur:Pur. Голас Наты ― то какетлівы, то пранізлівы ― быў, як заўжды, аздоблены двума гітарамі (сярод якіх, між іншага, інструмент Стаса Конанава, які акампануе не каму-небудзь, а Сяргею Бабкіну!).


 


Тым часам нехта пусціў чуткі, што арганізатары не выканалі райдэр Parov Stelar Band, і таму яны сабраліся і ўкацілі да сябе ў Аўстрыю без прамежкавага прыпынку на “Бархатном сезоне”... Але чуткі так і засталіся чуткамі. З вялікім спазненнем і прыкладна такім жа доўгім саўндчэкам гурт такі з’явіўся перад гледачамі.


І вельмі ўразіў. Прыемна бачыць на сцэне разняволеных, свабодных прафесіяналаў. Нарэшце, на тым, што адбывалася на сцэне, засяродзіліся ўсе, а не толькі першыя два шэрагі гледачоў.



На маю думку, нельга ставіць круцейшы дзень двухдзённага начнога фэста другім. Стомленыя пасля першага канцэрта людзі замест таго, каб паўтараць музычныя дбанні, выбіраюць больш спакойны адпачынак.

Да таго ж, калі вакол МОЖНО! за апошнія пару гадоў склалася цікавая і, галоўнае, зацікаўленая аўдыторыя, дык адкуль ёй было ўзяцца ў “Бархатного сезона”? вось і прыехалі на фэст людзі, якія і музыку-та з большага на танцполе не слухалі, пакуль іх не ткнулі носам у Parov Stelar Band. Ну, тут ужо не слухаць было немагчыма.





А калі карацей, без філасофскіх адступленняў, дык stelar гэты знатна parov. А пасля ў колькасці двух чалавек прыйшоў на “прэсуху”, дзе распавёў, што выступаць у лясах пад Мінскам для іх ― звычайная справа. Натуральна, аўстрыякі!



“А дзе ж ваш выкшталцоны саксафаніст?” ― Пыталася цікаўная публіка, сярод якой на прэс-брыфінгу трапляліся і журналісты. “Запаў на адну мясцовую фраў і зараз, відаць, спяшаецца бавіць з ёй час!” ― Адказаў за сябра Маркус Фюрэдэр ― чалавек, больш вядомы як Parov Stelar.





Пакуль журналісты данімалі замежных гасцёў, за сценамі прэс-цэнтра нарэшце быў атрыманы адказ на пытанне, на каго ж прыехалі паглядзець усе гэтыя людзі. Parov Stelar Band са сцэны ― гледачы з фэста! Галоўная сцэна пасля выступу хэдлайнераў нечакана звярнулася.

Голасных пратэстаў з гэтай нагоды не было. Тыя, хто заставаўся ў Крутагор’і, разбрыліся па воркшопах ды арт-намётах. А мы паехалі дадому, да хаты. Як-ніяк, чацвертая гадзіна раніцы была на двары.


Тэкст: Павел Свярдлоў.
Фота: Tarantino, navstyachka.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі