"Бардаўская восень": новы фармат. SKRIZHALI на "Шчару"

І толькі Яўген Барышнікаў прыйшоў і выратаваў рэнамэ класічнай аўтарскай песні.


Адбор на фестываль “Бардаўская восень – 2010”, які неўзабаве пройдзе на Беласточчыне, адбыўся ўвечары 18 верасня ў піўной “Гісторыя”. Уваход традыцыйна быў вольны, таму гледачоў было шмат. Ды што там! Бар трышчэў па швах, такога там не было нават падчас чэмпіянату свету па футболе! Адразу намеціліся дзве супрацьлеглыя групоўкі: выпадковыя аматары піва і невыпадковыя аматары музыкі – якія былі ціпа самі па сабе, але ціха ненавідзелі адно аднога.

З пачатку канцэрта найбольш запомніўся гурт “Інфрачырвоны”. Хаця запомніўся – гэта як сказаць…

“Вельмі цікава, што фэст увесь час пашырае фармат. Ёсць спрактыкаваныя, сталыя музыкі, якія звычайна граюць у электрычнасці. Але сёння для “Бардаўскай восені”  падрыхтавалі акустычныя праграмы. Напрыклад, Akute. І гэта, натуральна, загучала, – дзеліцца ўражаннямі адзін з гледачоў, Уладзь. –  А яшчэ, мне здаецца, што прыкольна выступіў гурт са складанай назвай… Блін, зараз… Чырвоны… Чырвонае… Ультрачырвоны… Удар, здаецца!”

Фармат “Бардаўскай восені” з кожным годам пашыраецца. Гэтым карыстаюцца такія знатныя фрыкі, як Ігар Загумёнаў. Апярэджваючы час, скажам, што ў фінал яго не ўзялі. Мо таму, што “Благі мат” падчас яго выступу так і не прагучаў: Ігар праспяваў песню на адзіны верш Кастуся Каліноўскага “Марыська чарнаброва”.

Ці то я не прасякнуўся бардаўскім пафасам, ці то на тое ён і адбор, каб даць выступіць усім... Але, напрыклад, пра Алеся Емяльянава пад уплывам яго творчасці магу сказаць наступнае: у нашы часы такім не давалі. І, здаецца, з таго часу часы не надта змяніліся…

Дарэчы, у праграме адбору былі запланаваныя 22 выступы. Пра гэта Еўрарадыё распавёў вядучы канцэрта Алесь Зайцаў – натуральна, у яго ж быў аркуш з пералікам удзельнікаў! З іх для фіналу “Бардаўскай восені” журы разлічвала адабраць недзе палову.

Кульмінацыяй вечара стаў выхад на сцэну Яўгена Барышнікава. Задоўга да яго з’яўлення мне разрэкламавалі яго пераможцы леташняй “Бардаўскай восені” – Саша Дземідзенка і Вова Казлоў з гурта Re1ikt:

“Ведаеш, ёсць такі хлопец – Яўген. Ён такі… вельмі! У яго ёсць песня пра Дзяды, і нам яна вельмі спадабалася, калі мы гралі разам на “Купальскіх вакацыях”. Таму мы за яго і “хварэем”… Барышнікаў, напэўна. Яўген Барышнікаў”.

Яўген заспяваў “Шчару” – песню, з якой не выйграць сёлетнюю “Бардаўскюу восень” папросту немагчыма. Круты верш, крутая аранжыроўка, крутое выкананне...

Калі гэтая песня ў яго не адна – Барышнікава хутка напаткае слава другога… Нават не ведаю, каго: Сокалава-Воюша, Вайцюшкевіча... Ці, калі пашанцуе, – нават другога Барышнікава!

І тут неяк само сабой паверылася ў моц бардаўскай песні. Пад Яўгена Барышнікава людзі абкружылі сцэну шчыльным колам, і так адціснулі ад музыкі аматараў піва, якія засталіся за столікамі. Там, на ўскрайку гэтага натоўпу, у мяне ўпершыню ў жыцці спыталіся, “як прайсці”, няхай сабе і ў “туалет”, а не ў "прыбіральню", але па-беларуску! Тым часам гурт “Зграя” праспяваў верш Анатоля Сыса...

Конкурсную частку закрываў гурт “Нельга забыць”, які пакінуў сцэну гурту Re1ikt. Хлопцы за год граць не развучыліся: я нават прапусціў другі гол, які “Спортынг” забіў “Атлетыка”… На экранах, якія ў бары паўсюль, ішоў футбол – слабая кампенсацыя аматарам піва!


Re1ikt’ы крыху папсавалі ўражанне ад свайго драйвовага выступу, калі запар выканалі нешта глыбока медытатыўнае ў стылі альбома “MAGI” свайго сайд-праекта Re123+ і народную “Тры янгалы”, якая атрымалася хутчэй спробай паўтарыць аранжыроўку і манеры Івана Кірчука, чым стварыць нешта сваё.

Праўда, гэтыя песні Re1ikt граць не рыхтаваўся. Проста журы зацягнула з вызначэннем фіналістаў “Бардаўскай восені” як раз на дзве песні… Але нарэшце на сцэне з’явіўся Міхал Анемпадыстаў і абвясціў, што ў Бельск паедуць:

Раман Яраш;
Андрэй Касцень;
Яўген Барышнікаў;
Павел Сілівончык;
гурт "Інфрачырвоны";
гурт SKRIZHALI;
гурт Indra;
Міхал Бараноўскі і гурт “Нельга забыць”
,
– а таксама Максім Знак – пераможца інтэрнэт-галасавання на “Тузіне гітоў”.

Ганна Чумакова і Сяргей Клачкоў застаюцца ў лісце чакання. Пасля сп. Анемпадыстаў патлумачыў Еўрарадыё, чаму менавіта журы абмяркоўвала вынікі адбора так доўга:

“Мы адмовіліся ад спрошчаных падыходаў да фармату. Што вось ёсць у нас фармат, а ўсё іншае – не фармат. Таму фармат даводзіцца кожны раз выпрацоўваць нанова, у залежнасці ад таго, хто ўдзельнічае ў адборачным конкурсе. Ёсць і яшчэ адзін момант: колькасць удзельнікаў. Гурт гучыць больш цікава, чым сольнае выкананне. Але мы не можам узяць такую колькасць людзей, тэхнічна не можам пацягнуць. Таму даводзілася мудрыць, каб запрасіць і іх таксама”.

Праз 10 хвілін пасля таго, як Міхал Анемпадыстаў сыйшоў са сцэны, піўная “Гісторыя” зажыла сваім жыццём. І гледачоў, і музыку вынесла з бара, як восеньскае лісце, што ганяе па вячэрніх вуліцах вецер.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі