Баі ў Севераданецку працягваюцца — 100-я раніца вайны

Вайна ва Украіне працягваецца ўжо 100 дзён / Reuters
Вайна ва Украіне працягваецца ўжо 100 дзён / Reuters

Баі ў Севераданецку працягваюцца, расіяне нанеслі авіяўдар па Мірнай Даліне, паведамляе раніцай у пятніцу кіраўнік Луганскай ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

З ягоных адчуванняў, праз адсутнасць "значных дасягненняў на фронце, вораг дае справаздачу чарговымі перамогамі над грамадзянскай інфраструктурай — б'е па дамах і прадпрыемствах. "Рускі свет" у іх разуменні — гэта стэп вакол". Учора былі пашкоджаныя яшчэ некалькі дамоў у Севераданецку, Лісічанску, Горным, Залатым і Тошкоўцы.

Гайдай таксама распавёў у інтэрв'ю CNN, што ў бамбасховішчах завода "Азот" у Севераданецку, які знаходзіцца пад абстрэлам расійскіх войскаў, хаваюцца блізу 800 чалавек. "Там ёсць мясцовыя жыхары, якіх папрасілі пакінуць горад, але яны адмовіліся. Там таксама ёсць дзеці, але іх няшмат", — сказаў Гайдай.

Прагрэс расійскіх войскаў 2 чэрвеня на ўсходнім кірунку ў амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны назвалі "паступовым, цяжкім і дарагім". Пастаўлена мэта ўсталяваць контролль над Севераданецкам і Лісічанскам. У Інстытуце лічаць, што пасля захопу гэтых гарадоў расійскае ваеннае кіраўніцтва заявіць, што Луганская вобласць "вызвалена". З Данецкай вобласцю будзе складаней, для захопу значных тэрыторый тут у расіян наўрад ці хопіць сіл, лічаць у Інстытуце.

Там таксама мяркуюць — з аглядкай на паведамленні Генштаба ВСУ — што расійскае ваеннае кіраўніцтва зараз адчувае "складанасці з фарміраваннем дастатковых сіл і падтрыманнем маральнага духу мабілізаванага персаналу". Украінскі Генеральны штаб паведамляў аб прымусовай мабілізацыі ў акупаваных раёнах Данецкай вобласці, якую праводзілі сілы так званай ДНР. 113-ы полк ДНР учора, у прыватнасці, апублікаваў відэазварот да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, у якім салдаты скардзіліся, што ўсю вайну правялі на перадавой у Херсоне без ежы і медыкаментаў.

Бои в Северодонецке продолжаются — 100-е утро войны
Карта кантраляваных тэрыторый па стане на 2 чэрвеня 2022 года / understandingwar.org

У Генштабе УСУ паведамляюць, што Беларусь праводзіць ратацыю падраздзяленняў спецпрызначэння ў памежных з Украінай раёнах. Украінскім вайскоўцам таксама вядома, што "у ходзе праверкі баявой гатоўнасці узброеных сіл Рэспублікі Беларусь праведзены сход спецыялістаў сувязі і інжынерна-тэхнічнага складу". У Кіеве па-ранейшаму лічаць, што пагроза нанясення ракетных удараў з тэрыторыі Беларусі захоўваецца.

Тым часам намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба УСУ Аляксей Громаў паведаміў, што з Беларусі па Украіне выпусцілі 61 ракету "Іскандэр". З пачатку баявых дзеяння расіяне здзейснілі 5722 самалётавылеты аператыўна-тактычнай авіяцыі і 551 пуск крылатых ракет тыпу "Іскандэр" і "Калібр".

"З іх толькі з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь было здзейснена 1211 самалётавылетаў — больш за 20% агульнай колькасці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу "Іскандэр",прыводзіць словы Громава "Інтэрфакс-Украіна"

Украінскія вайскоўцы прыступілі да асваення рэактыўных сістэм залпавага агню HIMARS. Пра гэта распавёў у Twitter рэпарцёр ABC News у Пентагоне Мэт Сейлер. Паводле яго слоў, амерыканскія трэнеры працуюць з украінцамі ў невядомым месцы за межамі краіны. Чакаецца, што першы этап навучання будзе доўжыцца каля 3 тыдняў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі яшчэ раз падзякаваў Злучаныя Штаты за перадачу HIMARS. "Гэта зброя сапраўды дапаможа ратаваць жыцці нашых людзей і абараняць нашу зямлю", — сказаў Зяленскі. Ён таксама адзначыў, што чакае зброю і ад іншых партнёраў, распавёў аб новым пакеце абароннай дапамогі ад Швецыі.

Бюро прамысловасці і бяспекі пры Міністэрстве гандлю ЗША дадало ў спіс кампаній, з якімі амерыканскім фірмам забаронена весці бізнес, 71 кампанію з Расіі і Беларусі. Цяпер у так званым чорным спісе Міністэрства гандлю ЗША знаходзяцца 322 кампаніі.

З пачатку вайны ва Украіне загінулі 4169 чалавек, яшчэ 4982 атрымалі раненні, паведамляе "Громадське" са спасылкай на дадзеныя Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Большасць людзей загінулі ў выніку абстрэлаў з цяжкай артылерыі, РСЗА, а таксама ракетных і паветраных удараў. Ва ўпраўленні таксама падкрэслілі, што фактычныя дадзеныя аб пацярпелых значна вышэй — інфармацыя з месцаў, дзе працягваюцца інтэнсіўныя баявыя дзеянні, затрымліваецца.

І дадзеныя ад Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны: за 98 сутак вайны ва Украіне загінулі 32 супрацоўнікі медыя. Гэта журналісты, якія выконвалі прафесійныя абавязкі, а таксама грамадзянскія ахвяры-медыйшчыкі і прадстаўнікі СМІ, якія мабілізаваліся для абароны Украіны.

Падчас выканання прафесійных абавязкаў забітыя восем карэспандэнтаў. З іх — трое ўкраінскіх і пяць замежных. Дзве жанчыны і шэсць мужчын. У канцы траўня, да прыкладу, стала вядома аб гібелі французскага тэлежурналіста Фрэдэрыка Леклерк-Імхафэ, які рыхтаваў рэпартаж аб эвакуацыі мірнага насельніцтва ў Луганскай вобласці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі