Вы тут

Бахарэвіч выходзіць з беларускага ПЭНу: "Са мной некалькі дзясяткаў чалавек"

Альгерд Бахарэвіч / Юлія Цімафеева

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч выходзіць з Беларускага ПЭН-центра. Пра гэта літаратар заявіў у сваім фэйсбуку 26 кастрычніка пасла заканчэння агульнага сходу ПЭН-цэнтра.

Па словах Бахарэвіча, пісьменнікі "мусяць думаць пра эрас і танатас, жыцьцё і сьмерць, свабоду і ўладу, уладу мовы і яе бясьсільле, пра шчасьце і яго немагчымасьць". А калі іх прымушаюць на гэта забыцца, "мы ідзем на кангрэсы і галасуем, каб ніхто не замінаў нам высказацца".

"У выніку мы маем бюракратычную балбатню і парушэньні ўсіх магчымых дэмакратычных працэдураў. А ў дадатак да ўсяго: хамства, ухваленьне гамафобіі, ігнараваньне з боку так званых "маральных аўтарытэтаў", зьнявагі і парушэньне ўсіх магчымых статутаў", — піша Бахарэвіч, нагадваючы, што Беларускі ПЭН-центр ёсць часткай міжнароднага і павінен у сваёй дзейнасці кіравацца ў тым ліку і яго статутах.

У расколе Беларускага ПЭН-центра пісьменнік вінаваціць Уладзіміра Арлова, Лявона Баршчэўскага і іншых, хто выступіў за тое, каб вярнуць сяброўства ў арганізацыі Паўлу Севярынцу. "Беларускага ПЭНа больш няма [...] Вы ператварылі яго ў пасьмешышча. Я з ПЭНу выходжу, а са мной яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек. Выдатнае дасягненьне. Ура!", — заяўляе Бахарэвіч.

Як паведамляла Еўрарадыё, 26 кастрычніка літаратара і палітычнага дзеяча Паўла Севярынца аднавілі ў складзе сябраў Беларускага ПЭН-цэнтра на агульным сходзе арганізацыі. За некалькі дзён да таго Севярынца выключылі з Беларускага ПЭНа праз тое, што ён колькі гадоў запар адмаўляўся плаціць сяброўскія ўнёскі. Ён матываваў гэта тым, што ПЭН-цэнтр займаецца прапагандай гомасексуалізму.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.