Бацькі магілёўскага лейтэнанта ДАІ настойваюць на эксгумацыі цела

Бацькі магілёўскага лейтэнанта ДАІ настойваюць на эксгумацыі цела

Бацькі загінулага лейтэнанта ДАІ з Магілёва Яўгена Патаповіча не вераць у суіцыд сына. Яны патрабуюць правесці эксгумацыю цела і незалежную экспертызу. Пра гэта бацька міліцыянта паведаміў тэлеканалу "Белсат". 

Уладзімір Патаповіч сам праслужыў у ДАІ 20 гадоў. Ён сышоў у адстаўку ў 2018 годзе ў званні капітана міліцыі. Яўген захацеў пайсці па слядах бацькі, таму вучыўся ў Магілёўскім інстытуце МУС. Бацька кажа, што сыну вельмі падабалася ягоная праца.

Нагадаем, што цела лейтэнанта ДАІ знайшлі ўвечары 16 траўня ў лесе каля Магілёва. Ён памёр ад стрэлу ў галаву. Следчы камітэт заявіў, што асноўная версія здарэння — самагубства. Перад суіцыдам хлопец, як заявілі следчыя, наўмысна сам спаліў свае штаны.

Пасля смерці міліцыянта ў Магілёве адбыліся масавыя затрыманні цыганоў. Незадоўга да смерці ад яго прыйшло паведамленне ў мэсэнджары пра чорную "Волгу" з трыма асобамі цыганскай нацыянальнасці. Пазней гэтая версія не пацвердзілася.

"Я не веру ў версію пра суіцыд, бо, па-першае, на фотаздымку, які абнародавалі, бачныя пашкоджанні ў ніжняй частцы жывата і яўна бачна, што парэзаная бялізна і ёсць нажавая рана. Па-другое, сын быў забяспечаны фінансава, меў кватэру, жыў з дзяўчынай адэкватнай, нядаўна ездзіў знаёміцца са сваякамі — там добрая сям’я. Прычын здзяйсняць самагубства ў яго не было. Ні псіхалагічных, ні нейкіх іншых. Чалавек імкнуўся жыць", — заяўляе бацька лейтэнанта.

Ён хоча, каб пасля эксгумацыі праверылі, ці ёсць у сына пашкоджанні ў ніжняй частцы тулава. 

Бацька дадае, што на працы Патаповіч быў моцна загружаны, бо ў ДАІ некамплект кадраў. Пазыкі ў яго былі, але нязначныя. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі