Бацька памерлай парадзіхі: Хочаце дапамагчы? У Мінздароўя ёсць псіхолагі ці не?

Бацька памерлай парадзіхі: Хочаце дапамагчы? У Мінздароўя ёсць псіхолагі ці не?

Тыдзень таму, у панядзелак 11 красавіка міністр аховы здароўя завітаў у скандальна вядомую радзільню Маладзечна — там за паўгода памерла дзве парадзіхі. Васіль Жарко сустрэўся з блізкімі жанчын. Як даведалася Еўрарадыё, такой сустрэчы патрабаваў бацька Вікторыі Мышук, якой не стала 29 кастрычніка 2015 года.

Сустрэча Васіля Жарко і Сяргея Аляксандравіча адбылася ў кабінеце галоўнага ўрача Маладзечанскай лякарні.

"Гэта была спантанная сустрэча. Зяць мой быў не ў курсе. Магчыма, потым яны і маці Кацярыны Грышкевіч (другой памерлай жанчыны) таксама паклікалі. Міністр казаў, што прэзідэнт ведае пра здарэнні і прыказаў ехаць і разбірацца. Я ім сказаў, маўляў, радуйцеся, што тут людзі спакойныя. У Чачні, вунь, з-за адной парадзіхі разнесці радзільню, — эмацыйна ўзгадвае мужчына. — Дык мне ён стаў гаварыць: "Вы ведаеце, што ў Чачні пры родах гіне 16% жанчын. А ў нас медыцына на ўзроўні еўрапейскай. Нас нават амерыканцы правяралі". Я кажу, што, можа, вы ім так падтасоўваеце дакументы? "Не, — кажа. — Яны нават моргі правяралі, ЗАГСы, усё правяралі. Таму толькі 2% смяротнасці пры родах. Нідзе такіх паказчыкаў у СНД няма".

Апроч міністра на сустрэчы прысутнічалі іншыя чыноўнікі ад медыцыны. Пыталіся, якая дапамога патрэбна сям'і:

"Я сказаў: мы і без вас справіліся. Самае гора мы перажылі. Псіхалагічна вы нам ужо не дапаможаце. Але тым дапамажыце, у якіх толькі што дачка памерла. У мінздароўя ёсць псіхолагі, ці толькі ў тэлевізары можна гэта ўбачыць? Кажу, ім дапамажыце, бо ім вельмі цяжка. А што яны? Галавой ківаюць. Хаця таксама ж людзі. Разумеюць наш боль".

Бацька памерлай парадзіхі: Хочаце дапамагчы? У Мінздароўя ёсць псіхолагі ці не?
Фота Вікторыі Мышук з сацыльных сетак

У маці Кацярыны Грышкевіч, якая памерла праз тры гадзіны пасля родаў 5 красавіка, склалася іншае ўражанне ад сустрэчы з міністрам.

"Па-чалавечы да нас паставіліся, выказалі спачуванні, — распавядае Алена Папова. — Абяцалі аказаць дапамогу, пыталіся, як паставіліся да нашай бяды людзі, як дапамаглі. Усе аднесліся добра, дзякуй Богу. І матэрыяльна, і маральна ўсе падтрымалі, як маглі. Пакуль ідзе следства, прычына смерці не выяўленая. Сказалі, што нешта высветліцца праз месяц".

Бацька памерлай парадзіхі: Хочаце дапамагчы? У Мінздароўя ёсць псіхолагі ці не?
Фота Кацярыны Грышкевіч з сацыяльных сетак

Па папярэдніх дадзеных, прычынай смерці абедзвюх жанчын у Маладзечне стаў анафілактычны шок. Праверку праводзіць Следчы камітэт. Лекі, якія выклікалі алергію ў жанчын, праходзяць адмысловыя экспертызы. Бацька Вікторыі Мышук перажывае, што "ніхто не будзе ні ў чым вінаваты":

"Яны вось паперу даслалі, што смерць дачкі не ўваходзіць у пералік смерцяў, якія патрапляюць пад статыстыку "мацярынскіх смерцяў". Маўляў, гэта таксама мацярынская смертнасць, але яна падпадае ў іншы падраздзел. Вядома, можна ўсё раскідаць па розных раздзелах. Спіхваюць усё на гэты анафілактычны шок. У часы майго юнацтва такое было з ракам. Паміраў чалавек. Ніхто не ведаў, ад чаго, а пісалі, што ад раку. Любая хвароба спісвалася на рак".

Бацька памерлай парадзіхі: Хочаце дапамагчы? У Мінздароўя ёсць псіхолагі ці не?

Галоўны акушэр-гінеколаг краіны Юлія Савачкіна ў размове з Еўрарадыё кажа, што папярэднія праверкі Мінздароўя пацвярджаюць ранейшую інфармацыю, жанчыны памерлі ад анафілактычнага шоку:

"Мы прытрымліваемся прынцыпаў Сусветнай Арганізацыі Аховы Здароўя і той статыстыкі, якой кіруецца свет. Мы не можам вынайсці нейкія свае ўласныя паказчыкі. Ёсць стандартныя крытэрыі, якія былі прапанаваныя СААЗ. Гэта не толькі ў акушэрстве, педыятрыі, але і ў хірургіі, тэрапіі…"

Еўрарадыё працягне сачыць за развіццём падзей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі