Бабруйчан асудзілі за стрып-шоў на капоце міліцэйскай машыны

Бабруйчан асудзілі за стрып-шоў на капоце міліцэйскай машыны

Два хлопцы з Бабруйска трапілі пад суд за стрып-шоу, якое яны зладзілі на капоце міліцэйскай машыны. Як піша мясцовае выданне "Коммерческий курьер", здарэнне адбылося ў ноч на 20 верасня 2015 года. Два хлопцы (18 і 22 гады) выпілі і вырашылі пасядзець у фае будынка гарадской міліцыі Бабруйска.

Міліцыянт паказаў ім на дзверы, але хлопцы далёка ад пастарунку не адышліся. На службовай стаянцы яны вырашылі выкарыстаць міліцэйскі УАЗ для фотасесіі. Адзін залез на капот, а другі сфатаграфаваў яго на мабільнік. Потым яны памяняліся месцамі. А пад заканчэнне старэйшы з іх залез на дах машыны і, спусціўшы шорты, сфатаграфаваўся з голым задам. Да затрымання хлопец ледзь паспеў нацягнуць шорты.

Падчас следства затрыманы заявіў, што шорты з яго зваліліся самі, бо лопнула гумка. Аднак фота- і відэаздымкі не пацвердзілі яго словы.

Суд прызнаў абодвух прыяцеляў вінаватымі ў хуліганстве. Старэйшы перад гэтым за махлярства быў асуджаны да года пазбаўлення волі з умоўным непрымяненнем пакарання тэрмінам на год. Цяпер суд прызначыў яму два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму. Яго малодшы сябрук атрымаў два з паловай гады абмежавання волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі