Азербайджанская паліцыя сарвала марш феміністак у Баку

Азербайджанская паліцыя перашкодзіла правесці ў Баку марш супраць гвалту ў адносінах да жанчын. Сілавікі заявілі, што марш не ўзгоднены. Арганізатаркі марша лічаць, што святочныя акцыі не патрабуюць узгаднення, перадае інтэрнет-выданне "Каўказскі вузел".

З ідэяй правесці акцыю "8 марш — выступі супраць гвалту" выступілі ў Facebook феміністкі. Яны заявілі, што мэта акцыі — прыцягнуць увагу да ўсіх відах бытавога гвалту. Арганізатаркі заклікалі жанчын аб'яднацца, каб "вызваліць грамадства ад патрыярхату, прымусіць пачуць галасы жанчын, выратавацца ад гегемоніі мужчын".

Феміністкі заяўляюць, што ў Азербайджане штогод 100 жанчын забіваюць на глебе сямейна-бытавога гвалту. 30-40 жанчын штогод звяртаюцца па дапамогу пасля гвалту ў сям'і, сведчыць кіраўніца Таварыства абароны правоў жанчын Навэла Джафараглу. Адным з апошніх гучных выпадкаў бытавога гвалту стала збіццё сваёй жонкі азербайджанскім кікбаксёрам Анарам Сулейманаввым. Пасля гэтага ён быў арыштаваны на 20 сутак.

Удзельніцы марша планавалі сабрацца каля станцыі метро "Нізамі" і прайсці кіламетр да помніка паэтцы Натаван у самым цэнтры горада. Але паліцыя загадзя ўзяла пляцоўку перад помнікам Вольнай жанчыне пад назіранне. 

На акцыю прыйшло каля 50 жанчын. Яны трымалі плакаты "Не насіллю супраць жанчын!", "За кожным паспяховым мужчынам стаіць жанчына!", "Дома ведаюць, што ў цябе ёсць правы?" ды іншымі. Паліцыя не пусціла актывістак да помніка. 

Таксама да ўдзельніц акцыі наблізілася група жанчын сярэдняга веку. Яны патрабавалі, каб актывісткі ішлі дадому святкаваць, а не ладзілі акцыі. Паліцыя адціснула ўдзельніц акцыі спярша на праезную частку, а потым — на станцыю метро "Нізамі".