Вы тут

Айчым здзекаваўся з 3-гадовай дзяўчынкі: звязваў рукі скотчам і ставіў на грэчку

Айчым дзіцяці затрыманы / sk.gov.by​

Крымінальную справу за катаванне дзіцяці завялі ў дачыненні да 25-гадовага жыхара Клімавічаў, паведамляе УСК па Магілёўскай вобласці. Мужчына здзекаваўся са сваёй трохгадовай падчарыцы: прымушаў стаяць у куце на грэчцы, звязваючы рукі сцяжкай або скотчам, абмяжоўваў яе ў ежы і вадзе. 

У сям'ю дзіця вярнулася нядаўна, да трох гадоў дзяўчынка жыла ў Доме малюткі.

"Паўгода таму маці дзяўчынкі з айчымам забралі яе дадому", — распавялі ў СК. І з самага пачатку мужчына пачаў "выхоўваць" дзіця — біў і катаваў нібыта за дрэнныя паводзіны.

У міліцыю патэлефанавала цётка дзяўчынкі, калі заўважыла на яе целе сляды збіцця і іншыя пашкоджанні.

Крымінальную справу распачалі па ч. 2 арт. 154 ("Катаванне, здзейсненае ў дачыненні да заведама невінаватай непаўналетняй асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане"), мужчына затрыманы. Вядома, што ён стаіць на ўліку ў псіхіятра.

Следчыя цяпер таксама спрабуюць усталяваць дачыненне маці дзіцяці да злачынства. Пара выхоўвае яшчэ адну дачку. Ёй дзевяць месяцаў, і яе пакуль забралі з сям'і.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.