Аўтарам за пракрутку іх песень на радыё і тэлебачанні плацяць па… 50 рублёў

Як даведалася Еўрарадыё, за пракрутку сваёй песні ў радыёэфіры, беларускі кампазітар альбо аўтар тэксту атрымлівае… каля 50 рублёў. Пра гэта распавёў музыка Яўген Чалышаў.

Яўген Чалышаў
: “Мы атрымліваем 50 рублёў за ратацыю адной песні. Гэта значыць, што калі адзін раз песню пракруцілі – 50 рублёў выплацілі”.

Зборам “аўтарскіх” для кампазітараў у Беларусі займаецца Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Яго прадстаўнік Аляксей Бічурын распавёў Еўрарадыё, што сістэма налічэння ўзнагароджанняў даволі складаная. Першапачаткова сума складаецца з адлічэнняў, да прыкладу радыёстанцый, у выглядзе пэўных адсоткаў ад прыбытку. А гэта ад 3 да 7 мільёнаў рублёў у месяц. Потым грошы дзеляць паміж кампазітарамі і аўтарамі тэкстаў. Канчатковая ж сума аўтарскіх залежыць ад часу гучання твораў аўтара ў эфіры. У выніку атрымліваецца прыблізна 50 рублёў!

Аляксей Бічурын: “На жаль, канкрэтна сказаць, што адзін раз пракруціць песню каштуе столькі, ― пад гэтым няма матэматычнай базы і эканамічнага разліку. Але гэтая лічба блізкая да рэчаіснасці”.

Па падліках Еўрарадыё, каб кампазітар атрымліваў “аўтарскія” на суму, роўную сярэдняму заробку па краіне – 350 долараў, яго песню павінны круціць на розных радыёстанцыях 23 тысячы разоў у месяц, альбо 767 разоў у дзень. Калі ж сыходзіць з таго, што адна песня мае працягласць ў сярэднім, прыкладна, 3 хвіліны, то гучаць кампазіцыі аднаго аўтара ў эфіры павінны 38 гадзін у суткі! Калі падзяліць гэты час на 20 радыёстанцый, то на кожнай з іх творы аднаго аўтара павінны круціцца каля 2 гадзін штодня.

Па словах Аляксея Бічурына, летась агульная сума сабраных “аўтарскіх” склала каля 5,5 мільярдаў рублёў. Грошы прыходзілі не толькі ад беларускіх, але і расійскіх, і украінскіх, і літоўскіх радыёстанцый. Калі, кажа Бічурын, падзяліць гэтыя грошы на ўсіх аўтараў, то сума ўзнагароджання складала каля 200 тысяч рублёў у месяц.

Адны атрымліваюць больш, другія – менш. У размове з Еўрарадыё лідэр гурта “Крама” Ігар Варашкевіч адзначыў, што ў апошні месяц ён атрымаў значна менш аўтарскіх, чым звычайна. Пацвердзіў гэта назіранне і лідэр NRM Лявон Вольскі.

Лявон Вольскі: “Я заўважыў, што ўжо не месяц-два, а нават тры-чатыры, як стала менш”.

Аўтарскія налічваюцца кампазітарам не толькі з тэле- і радыёэфіраў, але і за выкананне іх твораў на канцэртах і рэстаранах. Аднак і гэтыя адлічэнні зусім нязначныя, лічыць Аляксандр Ціхановіч.

Аляксандр Ціхановіч: “Нам прыносяць “рапартычку”, якую мы запаўняем для аўтарскіх правоў. І гэта ўсяго толькі 5% ад збораў. На ўсіх кампазітараў, песні якіх выконваюцца ў канцэрце. Калі выконваецца адна мая песня за канцэрт, які складаецца з 22 песень, то які я атрымліваю адсотак? Нуль з нечым там!”

Прадстаўнік цэнтра інтэлектуальнай уласнасці прызнаўся, што ведае пра гэту праблему, але дапамагчы нічым не можа.

Аляксей Бічурын: “Казаць пра тое, што аўтарскае ўзнагароджанне падобнае да заробку і штомесяц яно аднолькавае, нельга. Гэта залежыць ад дысцыплінаванасці карыстальнікаў, якія робяць выплаты ў фонд аўтарскага ўзнагароджання, якія падаюць справаздачу, дзе ўказваецца, якія творы былі выкарыстаныя. Усе гэтыя фактары ўплываюць на суму, якую атрымлівае канкрэтны аўтар”.

Як ужо паведамляла Еўрарадыё, у хуткім часе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў павінны разгледзіць праект новага закона “Аб аўтарскіх і сумежных правах”. Але як паведаміў намеснік старшыні Камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Мікалай Казак, памеры аўтарскага ўзнагароджання ў законе не прапісваюцца. Такія пытанні рэгулююцца падзаконнымі актамі. У дадзеным выпадку – Савета Міністраў. У той жа час Мікалай Казак пагадзіўся, што айчынных творцаў крыўдзіць нельга, і неабходна выплачваць ім дастойнае ўзнагароджанне.

Глядзі таксама:

Колькі беларускія музыкі атрымліваюць за аўтарскія правы?
Цэнтр інтэлектуальнай уласнасці будзе судзіцца з АНТ і СТВ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі