Уладамі была пастаўленая задача: асудзіць праваабаронцаў, асудзіць тых, хто змагаецца за праўду і за правы людзей. І мы бачым, што асуджаныя людзі і асуджаная свабода. Асуджаныя людзі, якія змагаліся за свабоду, за праўду, змагаліся праваабарончай дзейнасцю. За гэтую праваабарончую дзейнасць яны і асуджаныя.
— Што вы плануеце рабіць далей? Ці ёсць сэнс падаваць апеляцыю?
— У прынцыпе, зразумела, якім будзе жыццё, бо Алесь сядзіць не першы раз і мы праз гэта праходзілі. Сітуацыю лягчэйшай гэта ніяк не робіць. Наадварот, успрымаць усё сёння яшчэ цяжэй. Трымаючы праваабаронцаў у кайданках падчас суда, улады дэманстратыўна паказвалі перспектыву таго, якія прысуды для іх будуць вынесеныя, якое жыццё будзе надалей.
Мяркую, што намі будуць пададзеныя апеляцыі, але можна прадказаць, што іх адкінуць і рашэнне суда застанецца тым жа самым.
— Ці можна неяк дапамагчы вашай сям’і?
— Найперш трэба падтрымліваць тых, хто сядзіць за кратамі. Падтрымка заўсёды павінна выражацца ў лістах, нягледзячы на тое, што яны не заўсёды даходзяць. Трэба пісаць нягледзячы ні на што. Таксама, пакуль ёсць магчымасць у гэтыя дні пасля прысуду, пасылайце ім невялічкія бандэролькі. Усё, што можна: яблыкі, апельсіны, мандарыны, шакалад, сухафрукты… Хай яны адчуюць праз гэтыя невялічкія пасланні вашую падтрымку.
— Шмат гадоў беларусы пакутуюць праз сваё змаганне за свабоду. І ваш муж Алесь Бяляцкі сапраўды трапляе за краты не ў першы раз. Ці засталася ў вас вера ў справядлівасць?
— Я разумею, што праўда і справядлівасць павінны прыйсці. Так заўсёды. Вера ў гэта непахісная і ў тых, каго пасадзілі, як Алеся, і ў іншых шматлікіх людзей. Іншая справа, што, як бачым, шлях да свабоды даволі складаны, трагічны і драматычны. Але калі паглядзець на гісторыю, гістарычна праўда перамагае. Тыя, хто рабіў злачынствы супраць людзей, супраць праўды, урэшце атрымалі таксама свой гістарычны прысуд. Тое самае будзе і з тымі, хто сёння судзіць нашых праваабаронцаў, усіх тых, хто змагаецца за праўду і верыць у праўду.