А.Саротнік: Людзі яшчэ не прызвычаіліся, што можна падпісацца на вуліцы

30 ліпеня каманда Аляксея Янукевіча вырашыла абазначыць прысутнасць свайго кандыдата ў дэпутаты па Завадской акрузе вулічным пікетам. За 6 гадзінаў дзяжурства ля стэнду з фоткамі ды біяграфіяй намесніка старшыні партыі БНФ сябры яго выбарчага штабу сабралі толькі 7 подпісаў... Некалькі дзясяткаў ахвотных падтрымаць кандыдата не змаглі гэта зрабіць - не мелі пашпартоў. У людзей яшчэ няма звычкі даваць подпісы на вуліцы.
Сціплыя вынікі ў першы дзень пікета – гэта прадказальна, лічыць сябра Сойма БНФ Андрэй Саротнік. Учора ў “другую змену” ён сумленна нес дзяжурства за чырвоным пластыкавым столікам праз скрыжаванне ад кінатэатра “Дружба”.

Андрэй Саротнік: “Людзі толькі першы раз пабачылі, што ёсць такая магчымасць – падпісвацца не падчас таго, як да іх у кватэру прыйшлі, а на вуліцы, ў пікеце – таму шмат хто з тых, хто падыходзіў, былі без пашпартоў”.

Мінчукі! Насіце з сабою пашпарты! Раптам на вуліцы вам трапіцца пікет таго самага кандыдата, без якога вы не ўяўляеце наступны склад Палаты прадстаўнікоў. А вы і падпісацца за яго не зможаце! Нават тады, калі кандыдат вам надта падабаецца – так, як адной з жыхарак Чыжоўкі, якая падыйшла да пікету, падабаецца “малады ды прыгожы” Аляксей Янукевіч.

Жыхарка Чыжоўкі: “Ну а проста ён мне спадабаўся, ды і ўсё!”

30 ліпеня пікет у падтрымку Аляксея Янукевіча – пакуль яшчэ прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты – прайшоў, як кажуць, без эксцэсаў. Хаця і падыходзілі да яго розныя людзі. Распавядае прэс-сакратар Партыі БНФ Кася Маркоўская, якая нават сваім выглядам дапамагала Андрэю Саротніку збіраць подпісы.

Маркоўская: “Запытваліся, ці падтрымлівапем мы бальшавікоў. Калі мы сказалі, што не падтрымліваем, людзі адразу падпісаліся. Таксама пыталі, ці падтрымліваем мы саветы. Гэта кажа пра ментальнасць людзей, якія мысляць яшчэ тымі катэгорыямі...”

Спыняліся ла пікету і тыя, каго Янукевіч не заварожваў адразу сваёй маладосцю і прыгажосцю:

Гопнік: “Дзе ён працуе?”
Андрэй Саротнік: “Там усё напісана!”
Гопнік: “Прэзідэнт як казаў? Спытайцеся, дзе ён працуе!”
Андрэй Саротнік: “Беларусь-Капітал-Мэнэджмент”.
Гопнік: “Ё-маё! А чо па-руску не напісалі?!”

Адстаўному падпалкоўніку
не спадабалася, што Янукевічу ўсяго 32 гады – “маладават”. Увогуле ж у кадравых афіцэраў свае патрабаванні да кандыдатаў.

Адстаўнік:
“Ён служыў дзе-небудзь?”
Андрэй Саротнік: “Не, ён у наргасе вучыўся. Не служыў”.
Адстаўнік: “А мне патрэбна ведаць, дзе чалавек быў. Калі ён не служыў – як ён тады можа быць упраўляльнікам якой-небудзь улады? Ён БНФ?”
Андрэй Саротнік: “БНФ. 32 гады, а, між іншым, намеснік старшыні”.
Адстаўнік: “Хто ж яго прасунуў? Такога не можа быць! Мне сказалі: пойдзеш яшчэ ў гарачую кропку – атрымаеш палкоўніка. А калі галаву там адрэжуць – навошта мне гэта будзе?! А вось каб ён са мной пайшоў у гарачую кропку – я б сказаў – маладзец! Ён са мной разам быў. Радзіму любіць, іншых людзей абараняе. А так ён нідзе не быў!”

Паціху мы пераканалі адстаўніка, што Аляксей Янукевіч збіраецца ў дэпутаты, а не ў міністры абароны. Адстаўнік не падпісаўся, але пайшоў думаць.

Тым часам да 20:00 заставалася хіба што дзесяць хвілінаў, і пікет было вырашана зварочваць. На наступны дзень жыхары Чыжоўкі знойдуць яго на тым жа самым месцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі