Аршанскаму актывісту прыгразілі крымінальнай справай за зварот па польскую візу
Сяргей Мярненка звяртаўся ў візавы цэнтр па гуманітарную польскую візу / @viasna96
Падчас гутаркі ў мясцовым аддзяленні міліцыі яму паведамілі, што яго дзеянні можна трактаваць як "здраду радзіме".
Аршанскаму актывісту Сяргею Мярненку прыгразілі крымінальнай справай за спробу атрымаць гуманітарную польскую візу. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.
Мярненка звяртаўся ў візавы цэнтр Польшчы ў Магілёве. Пакуль чакаў адказу, яго выклікалі ў Аршанскі ГАУС. У аддзяленні міліцыі яму паказалі яго ж ліст з просьбай аб візе, дзе ён аргументаваў, чаму хоча з'ехаць. Праваабаронцы мяркуюць, што атрымаць копію ліста сілавікі змаглі пры дапамозе камеры відэаназірання, усталяванай у візавым цэнтры.
У міліцыі актывісту прыгразілі крымінальнай справай па артыкуле за "здраду дзяржаве" (арт. 356 КК РБ). Так сілавікі патрактавалі яго зварот па візу.
Мярненка вырашыў тэрмінова з'ехаць і ўжо пакінуў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.