Вы тут

Аршанец прымусіў жанчыну прайсці голай па вуліцы ў Полацку

pixabay.com

40-гадовы жыхар Оршы пад пагрозай расправы прымусіў знаёмую жанчыну прайсціся голай па вуліцы ў Полацку, піша vitebsk.biz.

Гісторыя пачалася ўлетку 2018 года. 44-гадовая жыхарка Полацка разам з сяброўкай скрала тэлевізар у аднаго з гараджан. Яны ўгаварылі знаёмага аршанца прадаць тэхніку, але не паведамілі, што тэлевізар крадзены. Мужчына атрымаў вялікі штраф за продаж крадзенага, сяброўкі таксама былі асуджаныя.

Праз пару месяцаў аршанец зноў прыехаў у Полацк, на гэты раз з сынам-дашкольнікам. У гасцях у сяброў ён сустрэў жанчыну, якая прасіла яго прадаць тэлевізар.

Мужчына стаў патрабаваць ад жанчыны кампенсацыю за гісторыю з крадзеным тэлевізарам, але яна адмаўлялася плаціць. Тады аршанец на вачах сына некалькі разоў стукнуў жанчыну і прымусіў распрануцца. Калі яна засталася ў адной бялізне, мужчына разрэзаў яе нажніцамі і загадаў жанчыне ісці на вуліцу.

Тая паслухалася, бо баялася пабояў. Па вуліцы яна прайшла каля 100 метраў і зайшла ў бліжэйшую краму. Туды ж зайшоў і аршанец з сынам. Прадаўцы, пабачыўшы аголеную жанчыну, выклікалі міліцыю.

Падчас следства мужчына цалкам прызнаў віну. Суд прызначыў яму 1 год і 8 месяцаў калоніі строгага рэжыму. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.