Apriori “Я больше тебя не ищу”

120718 Agljadacha.mp3

Апошнім часам дэбютныя альбомы для ўжо даволі дарослых гуртоў не дзіва. Толькі за летнія месяцы мы аглядалі некалькі такіх. Тэма працягваецца і сёння ў рэдакцыю трапіў першы дыск пяцігадовага калектыву Apriori з вельмі дзіўнай назвай “Я больше тебя не ищу”. То бок назва не дзіўная, але яна больш пасуе да якой-небудзь зусім прагнілай папсы, а хлопцы сябе пазіцыянуюць як рок, няхай поп-рок, але ўсё ж рок.
 
Абсалютна нічога новага хлопцы не вынайшлі. Яны проста трымаюцца класічных руска-рокавых квадратаў дзесьці канца 1990-х і ні на крок не выходзяць за іх… Ды што на крок? Яны нават не выглядаюць за гэтыя межы! І на выхадзе атрымліваецца гурт “Сплин”. Яшчэ большага падабенства дадае манера выканання Вадзіма Івашкевіча і тэксты пра не самае ўдалае каханне, самоту, хрэновае жыццё і што калі-небудзь будзе лепш. Вось толькі “спліноўская” лірыка на некалькі ўзроўняў вышэй. У прынцыпе, Apriori вельмі добра апісалі тэматыку сваіх твораў нумарам “Себе через 20 лет”.

Музычна можна было б вылучыць дзве песні. Першая — гэта “Она не Dust”, з якой пачынаецца альбом. Гэта такі хітрык, каб падмануць слухача, маўляў, мы нічога сабе такія хлопцы. Ну і нічога сабе трэк “Гагарин”, але пакуль не пачнеш прыслухвацца да тэкста. Гэта проста набор нейкіх імёнаў і асацыяцый, паміж сабой нічым не звязаных. І на прыкуску дабівае прыпеў, прычым слова “дабівае” тут стаіць да месца.

Каб даслухаць дыск “Я больше тебя не ищу”, давялося рабіць некалькі перакураў. Песні настолькі падобныя адна на адну, што некалькі разоў падавалася, нібыта яны пайшлі прайгравацца па коле. Спраўджваеш… не, яшчэ толькі палова альбому… Карацей, вельмі падобна, што дыск запісваўся, як такое самалюбаванне. Прычым выключна для сяброў-знаёмых, бо чымсьці асобным вылучыць гурт Apriori з шэрагу іншых падобных немагчыма.

Напрыканцы хочацца зноў вярнуцца да назвы альбома “Я больше тебя не ищу”. Зусім незразумела, чаму менавіта гэтую песню было абрана зрабіць на дыску галоўнай. Не сказаць, каб яна была найлепшай, хутчэй наадварот. Ды і нейкага канцэптуальнага абагульнення ўсіх 15 трэкаў альбома яна таксама не робіць... На дыску ёсць песня, якая відавочна лепш характарызуе ўсё запісанае: “Успеть сыграть и уходить”. Падаецца, што менавіта з такім лозунгам і запісваўся дыск.
 
Калі хлопцы паспрабуюць адмовіцца ад межаў, у якія сябе самі загналі, то ўсё ў іх атрымаецца. Але рабіць гэта трэба тэрмінова: і так ужо пяць гадоў існуюць у гэтай дрыгве. Спадзяюся, наступны альбом будзе значна лепш, а пакуль я б нават троечку не паставіў.

Трэк-ліст

01 - Она не Dust
02 - Ракета
03 - Мысли
04 - Представь себе
05 - Поговори со мной
06 - Гагарин
07 - Разбуди
08 - Он рад
09 - Тепла
10 - Титаники
11 - Успеть сыграть и уходить
12 - Часы
13 - Мае зоркі
14 - Себе через 20 лет
15 - Я больше тебя не ищу

Музыка і словы — Вадзім Івашкевіч

Склад:
Вадзім Івашкевіч — вакал
Яўген Юшын — гітара
Андрэй Шарсцяк — бас-гітара
Валерыя Лямешчанка — клавішы
Зміцер Бычанок — бубны

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі