Апазіцыя падпісала дамову пра каардынацыю дзеянняў у прэзідэнцкай кампаніі

Прадстаўнікі апазіцыі 24 жніўня ў Мінску падпісалі дамову пра каардынацыю дзеянняў падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі.
Дамова прадугледжвае, што дэмакратычныя сілы дамаўляюцца:

- правесці масавую інфармацыйную кампанію, каб данесці да ўсіх жыхароў Беларусі звесткі пра шкоду, якую наносіць беларускаму народу палітыка цяперашняй улады;

- правесці масавую мабілізацыйную кампанію сярод выбарцаў. У прыватнасці, мяркуецца ператварыць магчымы пасіўны пратэст у форме няўдзелу ў выбарах у пратэст шляхам галасавання супраць цяперашняй улады;

- арганізаваць працу з чальцамі выбарчых камісій, а таксама эфектыўнае назіранне на ўчастках;

- наладзіць кантакты і правесці перамовы з урадавымі чыноўнікамі, рэгіянальнымі кіраўнікамі, дырэктарамі прадпрыемстваў і афіцэрамі МУС, якія ўжо прыйшлі да разумення, што ўладу трэба мяняць;

- арганізаваць унутраны і вонкавы ціск на ўлады дзеля змены выбарчага заканадаўства і праваўжывальнай практыкі;

- заклікаць усіх нязгодных з вынікамі выбараў і незадаволеных палітыкай улад прыняць удзел у масавых акцыях пратэсту з патрабаваннем сапраўдных вольных выбараў.

Узгадняць дзеянні будзе адмысловы каардынацыйны цэнтр.

Як паведамляе БелаПАН, дакумент падпісалі лідар кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў, кіраўнікі Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін і Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар Еўрапейскай кааліцыі Мікалай Статкевіч, кіраўнікі аргкамітэтаў партый "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі і Партыі жанчын "Надзея" Алена Яськова.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч не змог прысутнічаць на падпісанні, але выказаў гатовасць далучыцца да дакумента. А старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч падпісаў дамову з агаворкай, што дзеянні апазіцыі на выбарах павінны быць накіраваныя не толькі на барацьбу з Аляксандрам Лукашэнкам, але і з прарасійскім кандыдатам.

Лідар кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў вызначыцца наконт падпісання дакумента на працягу бліжэйшых двух дзён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі