Анісім: Беларусі патрэбна ВНУ, дзе б усё выкладалася па-беларуску і па-англійску

Анисим:Беларуси нужен ВУЗ, где бы все преподавалось по-белорусски и по-английски

Адразу ў сямі мінскіх школах з наступнага года адкрываюцца беларускамоўныя класы. У пяці дзіцячых садках ствараюцца групы, дзе выхавацелі з дзецьмі будуць размаўляць па-беларуску. З чым гэта звязана, разважаем у студыі Еўрарадыё з дэпутаткай Аленай Анісім.

Слухаць размову цалкам:

Лепшыя цытаты з размовы:

— Рух да беларускай мовы, адкрыццё беларускамоўных садкоў — гэта натуральныя працэсы у грамадстве. Толькі грамадства здольнае паўплываць на ўладу, а не праявы асобных людзей.

— Законнае права бацькоў — даць сваім дзецям адукацыю і выхаванне па-беларуску. Трэба, каб гэты працэс ішоў у межах Канстытуцыі, забяспечваючы правы грамадзян. І каб гэта ішло паступова і няўхільна.

— Каб не супраціўляліся кіраўнікі розных дзяржаўных устаноў, устаноў адукацыі, і не казалі, што дзяцей не назбіраецца, — працуйце, шаноўнае спадарства, каб ваш садок быў запатрабаваны.

— Пытанне не толькі ў дзетках, у адсутнасці дастатковай іх колькасці, пытанне яшчэ ў кадрах. Хто сёння хоча ісці працаваць выхавацелькамі, калі яны настолькі перагружаныя, калі маладыя спецыялісты прыходзяць і атрымліваюць зусім мізэрны заробак?!

— Бал для паступлення ў педагагічную ВНУ вельмі нізкі. І гэта праблема. Моўнае пытанне — таксама праблема, усе прадметы мусіш вывучаць на рускай мове. Для маладых людзей гэта не толькі псіхалагічная, але і прафесійная праблема. Вывучыўшы па-руску ўсё, прыходзіш у беларускамоўную школу і мусіш адаптавацца да тых рэаліяў, якія ёсць. Гэта не заўсёды спрыяе якасці.

— У педагагічным універсітэце абавязкова павінны быць плыні з беларускай мовай навучання, каб былі спецыялісты, якія б выкладалі па-беларуску: і фізіку, і матэматыку, і біялогію, і хімію, і ўсе астатнія прадметы. Каб там рыхтавалі спецыялістаў і для беларускамоўных школ.

— Калі ёсць попыт, то ён мусіць быць задаволены. Калі не будуць хацець аддаваць дзяцей у беларускамоўныя групы ў садках, то значыць і прапановы такой не будзе.

— У нас вельмі слабае інфармацыйнае забеспячэнне, што датычыцца беларускай мовы. Мы не можам дзеткам уключыць канал і паказаць мульцікі на беларускай мове, навукова-папулярныя перадачы, якія ім цікавы ў іх узросце. Мы не можам нашым падлеткам паказаць праграмы на беларускай мове, фільмы па нейкіх творах…

— Па усёй гарызантальнай плоскасці — па раёнах, і па абласцях — трэба ствараць гімназіі з беларускай мовай навучання. Плюс да ўсяго трэба мець вышэйшую навучальную установу з беларускай мовай навучання, дзе будзе весціся выкладанне таксама і на англійскай мове. Гэта трэба для таго, каб запрашаць людзей, дасведчаных у розных перспектыўных накірунках дзейнасці, для таго, каб гэта ўстанова была сучаснай і была арыентаванай на перспектыву.

— Задача адукацыі — рыхтаваць людзей да заўтрашняга дня, а не да учорашняга, як у нас увесь час спрабуюць рабіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі