Анджэю Пачобуту па-ранейшаму не дазваляюць перапіску з сынам па-польску

25 ліпеня ў палітвязня Анджэя Пачобута скончыўся тэрмін утрымання пад вартай. Аднак на волю ён не выйшаў — верагодна, тэрмін зноў працягнулі. Пра гэта ў сацсетках напісала яго жонка Аксана.

"16 месяцаў!!! За гэты час наш сын перагнаў па росце бабулю з дзядулем. З сынам не дазволеная перапіска, бо Андрэй з яго нараджэння размаўляе з ім на польскай мове. Ён піша скаргі, якія адміністрацыя нават не выпускае з СІЗА.

У лістах піша, што не сумуе, чытае кнігі і гатовы да горшага развіцця падзей. Перадае прывітанне ўсім знаёмым і незнаёмым асабіста людзям і дзякуе ўсім, хто нягледзячы ні на што працягвае пісаць", — паведамляе Аксана Пачобут.

Журналіст Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года разам з шэрагам іншых польскіх актывістаў. Усе, акрамя Пачобута і кіраўніцы неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі Анжалікі Борыс, пагадзіліся пераехаць у Польшчу. Пачобут і Борыс на пагадненне са следствам не пайшлі. Паведамлялася, што ім выставілі абвінавачанне ў распальванні нацыянальнай варожасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.