Андрэй Тур: Па указе №760 зменаў не будзе. Гэта выключана, і ніякіх надзеяў

Урад збіраецца пераглядаць падатковую нагрузку ды мытныя праблемы ЧУПаў. Падчас учорашняга страйку ІПэшнікаў начальнiк упраўлення па прадпрымальнiцтве Мiнгарвыканкаму Аляксандр Калiноўскi нечакана аб’явіў, быццам бы ўрад рыхтуе прапановы, якія зменяць да лепшага становішча прадпрымальнікаў.
Як даведалася Еўрарадыё, праблемы прадпрымальнікаў цяпер разглядае асабіста прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі. Аднак сёння намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур у інтэрв’ю Еўрарадыё развеяў надзеі наконт злашчаснага ўказа №760. Гэты ўказ недатыкальны!

Андрэй Тур: “Па 760-ым указе ніякіх зменаў не будзе. Гэта ўвогуле выключана, і ніякіх надзеяў. Няхай ніхто не распаўсюджвае з гэтай нагоды ніякіх чутак”.

Некаторыя змены ў заканадаўства, якое тычыцца малога бізнэсу, па словах намесніка міністра, усё ж такі ўносяцца:

Андрэй Тур: “Ну, вось, выйшаў, напрыклад 8-ы дэкрэт па рэгістрацыі. Мы прагаворваем зараз з Мытным камітэтам працэдуры, звязаныя з мытным афармленнем. То бок, калі з 1 студзеня наступнага года будзе ўводзіцца мытнае афармленне, як зрабіць так, каб ураўнаваць ЧУПы з індывідуальнымі прадпрымальнікамі? Паглядзець падатковую нагрузку па ЧУПах у святле некаторых тавараў. Вось гэтыя пытанні разгледзім”.

Тым часам, прадпрымальніца Кацярына Чыжык ужо другі месяц чакае адказу ад прэзідэнта. 16 лістапада старшыня Савета па малым бізнэсе і гандлі Кацярына Чыжык напісала ў Адміністрацыю прэзідэнта ліст, дзе папрасіла Лукашэнку аб сустрэчы.

Еўрарадыё дазванілася ў Адміністрацыю прэзідэнта. Як аказалася, там адказ ужо пратэрмінавалі:

- Скажыце, калі ласка, праз колькі павінен прыйсці адказ, калі я дасылала ліст у адміністрацыю?

- Праз месяц.

Сама прадпрымальніца не згубіла надзеі дачакацца адказу:

Кацярына Чыжык: “Ну, вядома, чакаю. Я ведаю, што яно зарэгістравана, што яно нідзе не знікла. Таму чакаю сваёй чаргі. Мне абяцалі праінфармаваць. Але пакуль не праінфармавалі. Думаю, трэба проста пачакаць крыху. Усё ж такі гэта прэзідэнт, і ў яго, напэўна, шмат праблемаў”.

А да Новага года, калі пачне дзейнічаць Указ №760, засталося зусім мала часу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі