Андрэй Курэйчык: Я лічу, што нам вельмі патрэбнае кіно пра сучаснікаў

Еўрарадыё: Учора ў праграме “Актуальнае інтэрв’ю” міністр культуры Беларусі Павел Латушка заявіў: “Настаў час здымаць кіно пра сучасную Беларусь, кіно, якое будзе выхоўваць моладзь”. Чаму менавіта зараз Латушка звярнуўся да гэтай тэмы? Што да гэтага часу замінала здымаць такое кіно ў Беларусі?

Курэйчык: “Лічу правільным тое, што да гэтай тэмы звярнуліся. Вельмі важна паспрабаваць зразумець сваіх сучаснікаў. Кірунак добры. Сістэма беларускага кінематографа складвалася дзесяцігоддзямі, і трэба зазначыць, што “Беларусьфільм” ніколі не ўмеў здымаць фільмы пра сучаснікаў. Здымаліся фільмы гістарычныя, ваенныя, але зняць гараджан, простых мінчукоў не маглі. Акрамя таго, быў такі перыяд, калі нармальныя сцэнары ўвогуле не разглядаліся на “Беларусьфільме”. Зараз узнікла такая сітуацыя, калі стала зразумела, што мы не можам здымаць толькі фільмы на гістарычную тэматыку. Яны нікому не патрэбныя, іх немагчыма прадаць, на іх у кінатэатры не пойдуць гледачы. Вось зараз і міністр звярнуў увагу на тое, што фільмы трэба здымаць пра сучаснасць”.

Еўрарадыё: З аднаго боку ўчора мы даведаліся, што Беларусьбанк перастае выдаваць ільготныя крэдыты на будаўніцтва жылля, а з другога боку такія амбітныя планы. А адкуль грошы?

Курэйчык: “Грошай вельмі мала. Мы знаходзімся у такой самай сітуацыі, у якой знаходзяцца ўсе кінематаграфісты трэцяга свету, людзі, якія знаходзяцца ва ўмовах ідэалагічнага, палітычнага альбо фінанансавага ціску. Але мушу зазначыць, што міністр шмат зрабіў для таго, каб можна было ўкладаць у беларускае кіно грошы. Быў прыняты закон, які пазбаўляе ўсе працы, звязаныя з кіно, ад НДС, ад іншых падаткаў. Па вялікім рахунку, калі вы здымаеце кіно і знаходзіце спонсара ў Беларусі ці за мяжой, яму значна лягчэй прафінансаваць ваш праект. Кінематограф стаў адкрытым для прыватных інвестыцый.”

Еўрарадыё: Гледачу цікава тое, што адбываецца сёння. А тое, што сёння адбываецца ў Беларусі па версіі ўладаў мы бачым па БТ, пачынаючы ад Дажынак і заканчваючы “Жалезам па шкле”. Наколькі магчыма зняць сапраўднае кіно?

Курэйчык: “У дадзены момант я гляджу шмат іранскага кіно. Нягледзячы на тое, што там значна большы ідэлагічны і рэлігіёзны прэсінг, кіно там на досыць высокім узроўні. Іранскія кінематаграфісты знайшлі спосаб дасціпна расказваць сучаснікам пра актуальнае. На Беларусі людзі таксама навучацца гаварыць нейкай своеасаблівай мовай, якая будзе зразумелая гледачу і да якой не дачэпяцца ідэолагі”.

 Еўрарадыё: З аднаго боку міністр разважае пра здымкі кіно пра сучаснасць, а з іншага боку кажа пра тое, што мінкультам разгледжаныя сцэнары фільмаў “Каласы пад сярпом тваім”, “Чорны замак Альшанскі”. Гаворыць пра неабходнасць зняць фільм пра жыццё Янкі Купалы.

Курэйчык: “Першыя дзве працы найбольш зручныя для кінематаграфістаў, бо гэта класіка і ні да чаго не прычэпішся. А вось з Купалам крыху цяжэй. Прымаючы да ўвагі нацыяналістычныя погляды Купалы, ня ведаю, як у сучасных умовах можна зняць пра яго аб’ектыўны фільм. А тое,што датычыць фільмаў пра сучаснасць, для іх яшчэ няма сцэнараў. Такія тэмы павінны быць замоўленыя”

Еўрарадыё: Вам, як самаму вядомаму беларускаму сцэнарысту, не тэлефанавалі з мінкульта з нейкімі прапановамі па стварэнні фільма пра сучаснасць?

Курэйчык: “Мне было б прыемна, каб патэлефанавалі, але ніхто не званіў. Адчуваецца нейкая бездапаможнасць і Беларусьфільма, і міністэрства культуры ў прыняцці самастойных рашэнняў”.

Фота — nv-online.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі