Вы тут

Амапавец на мірнай акцыі штурхнуў гамяльчанку так, што яна зламала нагу

Гамяльчанку так штурхнулі на акцыі, што яна паламала нагу / gomel.today

На мірнай акцыі ў Гомелі 20 верасня пацярпела 48-гадовая жанчына. Калі АМАП пачаў адцясняць людзей ад будынка цырка, адзін з сілавікоў так штурхнуў яе, што гамяльчанка паламала нагу, пішуць "Моцныя навіны". 

20 верасня жанчыне знялі гіпс з нагі, таму хутка хадзіць яна не магла. На акцыі яна адступала разам з пратэстоўцамі, калі яе нагнаў АМАП. На фразу "Праходзьце хутчэй", гамяльчанка патлумачыла, хутчэй ісці яна не здольная, бо ёй толькі-толькі знялі гіпс з нагі. 

"Я казала гэта гучна, яны чулі. "Я табе зараз і другую зламаю", — пагражаў супрацоўнік. Адзін з іх падскочыў ззаду і штурхнуў раз-другі. Пасля гэтага я падвярнула нагу, яна хруснула — і зноўку пералом", — кажа Вольга.

У траўмапункце ёй выдалі даведку з дыягназам "закрыты пералом".

Гамяльчанка напісала заяву ў РАУС Цэнтральнага раёна з просьбай прыцягнуць да адказнасці супрацоўніка АМАПа, які з нецэнзурнай лаянкай штурхнуў яе ў спіну, у выніку чаго жанчына паламала нагу. Сёння яна плануе падаць такія ж заявы ў Следчы камітэт і пракуратуру.

Даведкі, якія выдалі Вользе / gomel.today
Даведкі, якія выдалі Вользе / gomel.today
Даведкі, якія выдалі Вользе / gomel.today

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.