Аляксандр Мілінкевіч у другі раз спрабуе зарэгістраваць "Рух "За Свабоду"

Учора былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч разам са сваімі паплечнікамі перадаў у Міністэрства юстыцыі Беларусі дакументы на рэгістрацыю праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб'яднання "Рух "За Свабоду". Гэта ўжо другая спроба рэгістрацыі аб'яднання. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Аляксандр Мілінкевіч.

“Мы настойліва будзем спрабаваць зарэгістравацца, хоць разумеем, што ўлады сёння праводзяць палітыку, скіраваную супраць развіцця ў Беларусі грамадзянскай супольнасці, больш за тое — на вынішчэнне гэтай супольнасці”.

Рашэнне аб стварэнні аб'яднання гэтым разам было прынята на ўстаноўчай канферэнцыі 11 жніўня ў Заслаўі. На канферэнцыі прысутнічала 74 чалавекі.

Быў прыняты статут, абраны кіруючыя органы і рэвізійная камісія. Кіраўніком "Руху "За Свабоду" абраны Мілінкевіч. Намеснікамі сталі Віктар Карняенка і Юрась Губарэвіч.

Сярод галоўных кірункаў дзейнасці арганізацыі — абарона правоў і свабод чалавека, удзел у пабудове грамадзянскай супольнасці, спрыянне забеспячэнню незалежнасці і суверэнітэту, спрыянне стварэнню умоў для правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў. Нагадаем, Мінюст адзін раз ужо адмовіў у рэгістрацыі руху.

Па словах Мілінкевіча, у лісце міністэрства не ўтрымліваецца абгрунтаваных падставаў для адмовы ў рэгістрацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі