Аляксандр Мілінкевіч: Не думаю, што палітвязні на мяне пакрыўдзяцца!

Цалкам размова з Аляксандрам Мілінкевічам:

milink.mp3

Еўрарадыё: У прэзідэнцкіх выбарах 2010 года вы адмовіліся ўдзельнічаць, а на парламенцкія ідзяце. Чаму?

Аляксандр Мілінкевіч: Катэгарычна не хацеў быць дзясятым кандыдатам незалежным. Гэта вялікая параза апазіцыі, бо хадзіць такім натоўпам, калі аўтарытарны рэжым, гэта проста бессэнсоўна, гэта было толькі на карысць рэжыму. Што ў выніку і здарылася: было дзявяць стратэгій на Плошчы, не было дружыны, якая магла нейтралізаваць гэтую правакацыю спецслужбаў.

А тут зусім іншая сітуацыя. Па-першае, парламент мала што значыць. Хаця, статус у дэпутата ёсць, і ён можа зрабіць значна больш, чым шараговы грамадзянін. Выбараў не было і зараз не будзе – мы гэта разумеем. Паход на выбары – гэта дэманстрацыя таго, што мы не памерлі, у нас ёсць ідэі, у нас ёсць праграмы. Гэтыя праграмы рэалізоўваліся ў розных краінах – ёсць прыклады пазітыўныя і негатыўныя. І мы паказваем, што і мы мусім так: чаму мы, адзіная краіна ў Еўропе, не робім рэформы? Я лічу, што такі паход важны нават для падняцця настрою і для фармавання такой пазітыўнай сілы. Калі да нас не будзе даверу, як да пазітыўнай альтэрнатывы, то будзе яшчэ больш скепсіс у грамадстве. І моладзі яшчэ больш паедзе на Захад.

Еўрарадыё: Працягніце сказ: “Я буду ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі да...”

Аляксандр Мілінкевіч: Уяві: ты ходзіш, агітуеш людзей, іх пераконваеш, што ўсё адно ніхто нічога за нас не зробіць, што мы мусім адстойваць сваю годнасць. А потым дадаеш: “Я зараз з вамі гавару, але праз пару тыдняў здымуся!” Вось, я б хацеў, каб тыя, хто кажа, што абавязкова трэба здымацца, пагутарылі з гэтымі людзьмі! Людзі адкажуць: “Тады не прыходзьце да нас, бо нам не цікава. Калі вы нам не прапануеце альтэрнатыву, каб мы маглі паставіць гэтую птушачку наперакор усяму, дык не трэба і хадзіць на выбары ды імітацыяй займацца”.

Тут трэба думаць, як прадэманстраваць уладзе, што мы не згодныя з тым, што палітвязні застаюцца ў турмах, не прымаем такой сістэмы ўлады, і пры гэтым людзей не пакрыўдзіць! Я думаю, што апазіцыя занадта зацыклілася на Аляксандру Лукашэнку. Што б ні рабілі: “А што зрабіць Лукашэнку? А што ён сёння сказаў, як мы будзем каментаваць?” Пра народ не думаем.

Еўрарадыё: Такім чынам, вы яшчэ не знайшлі, як не пакрыўдзіць палітвязняў удзелам у выбарах да канца, а простых выбаршчыкаў – зняццём, ды яшчэ і нешта ўладзе прадэманстраваць?

Аляксандр Мілінкевіч: А я не згодны, што я крыўджу тых, што сядзяць у турмах, тым, што іду да канца. Я раблю ўсё, каб дапамагчы ім, і рух “За свабоду” дапамагае сем’ям. Мы гэтага не хаваем, кажам пра гэта ўвесь час. Але Марына Адамовіч да нас прыходзіць і кажа, што Мікола Статкевіч, адзіны кандыдат, які застаўся ў турме і вельмі пакутуе, катэгарычна супраць зняцця. Памятаеце 2000 год? Усе тады былі за байкот, і я ім захапіўся. Адзін Мікола пайшоў да канца і выйграў – аўтарытэт яго партыі павысіўся, ён быў лепшым аўтарытэтам, а на нас паглядзелі як на няўдачнікаў. У 2000 годзе не атрымалася байкоту, мы не змаглі прымусіць людзей не прыйсці на выбары. Увогуле, вялікі скепсіс быў да той часткі апазіцыі, да якой і я належыў. Таму гэтыя байкотныя рэчы “не пайсці да канца” – гэта такая інтэрнэтаўская гісторыя, якая не зусім адпавядае нават настроям вязняў. Мікола некалькі разоў праз сваю жонку казаў: “Абавязкова ідзіце да канца – расказвайце, агітуйце, на свой бок перацягвайце людзей”. Галоўны палітвязень мае такі пункт гледжання і не лічыць здрадай.

Еўрарадыё: А вам не страшна будзе застацца аднаму, калі ўсе астатнія кандыдаты ад дэмсіл здымуцца?

Аляксандр Мілінкевіч: Паглядзім, якая будзе сітуацыя з палітвязнямі, сітуацыя ў Беларусі. Можа, самі людзі скажуць: “Здымайцеся, не дурыце нам галаву – не патрэбныя гэтыя выбары!” Але я ўжо даўно нічога не баюся – я ўжо да такой ступені прызвычаіўся да гэтага бруду. І ніколі не адказваў на хамства ў інтэрнэце сваімі выпадамі. І раблю тое, што лічу неабходным. Не так, як большасць. Дарэчы, часта большасць не мае рацыі. Асабліва інтэрнэтаўская апошнім часам.

Еўрарадыё: З чым вы плануеце прыйсці ў Авальную залу, з якімі прапановамі ды ідэямі?

Аляксандр Мілінкевіч: Я хачу перамагчы ў галовах людзей, каб большасць людзей ва Уруччы сказалі, што сапраўды за мяне галасавалі. А ўжо як ўлада паступіць, прапусціць ці не прапусціць – гэта яе справы.

Мы апошні год капітальна папрацавалі над “Народнай праграмай”. Па розных накірунках выпрацавалі дарожныя мапы і з гэтымі мапамі нашы эксперты ездзілі па ўсёй краіне, сустракаліся з мэтавымі групамі. З настаўнікамі абмяркоўвалі свае прапановы па рэфармаванні адукацыі, з дактарамі – аховы здароўя. Гэта было цікава і самім экспертам – яны ўбачылі рэакцыю людзей. Праграм хапае – было б каму рэалізоўваць.

Еўрарадыё: Калі станеце дэпутатам – сыйдзеце з кіраўніцтва рухам “За свабоду”?

Аляксандр Мілінкевіч: Цалкам магчыма, што я перадам кіраўніцтва маладым людзям, яны ёсць побач са мной. Сапраўды, праца ў парламенце патрабуе шмат часу. Трэба не толькі паднімаць руку і нешта там націскаць. Калі ў парламент трапяць людзі з дэмакратычнымі поглядамі, яны павінны быць амбудсмэнамі. Хаця б – для дэмакратычнай супольнасці. Быць рупарам, змагацца за правы чалавека. Але я пакуль пра гэта не шмат думаю.

Еўрарадыё: Вы псіхалагічна гатовыя быць у парламенце адзіным прадстаўніком апазіцыі?

Аляксандр Мілінкевіч: Калі я працаваў у Гродна ў гарвыканкаме, быў адзіным дэмакратам на ўвесь гарвыканкам і аблвыканкам. І вам у Гродна скажуць, што здолеў даволі шмат зрабіць і для навукі, і для культуры, і для замежных стасункаў, і для рэстаўрацыі Старога горада. Можна нешта рабіць і аднаму. Я разумею, што будзе істэрыя і падчас выбараў, і пасля. Але мне не будзе сорамна, бо пазіцыя застаецца нязменнай, не робішся лаяльным, а застаешся прыстойным чалавекам – мне трэба перад унучкай выглядаць прыстойным чалавекам! Каб ніхто не меў магчымасці папракаць у тым, што прадаўся – не прадамся.

Еўрарадыё: Ці рыхтуеце вы для Ярмошынай нейкія правакацыі?

Аляксандр Мілінкевіч: Гэта не мой стыль. Не адпавядаюць маім поглядам, маёй пазіцыі жыццёвай правакацыі. Жорсткая кампанія – так, а правакацыі – не!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі