Вы тут

Алкаеў: паказанні Гараўскага шкодзяць расследаванню справы зніклых палітыкаў

Алег Алкаеў / nash-dom.info

Экс-начальнік СІЗА №1 Алег Алкаеў крытычна ацэньвае паказанні, якія даў былы баец Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) Юрый Гараўскі

У інтэрв'ю Радыё "Свабода" Алкаеў патлумачыў прычыну свайго недаверу: "У мяне ёсць пэўны працэнт недаверу да ўсёй гэтай балбатні. 20 гадоў насіць гэтае лайно ў душы, а потым узяць і расплёскаць на ўвесь белы свет... Я асабліва не веру. Мне гэта асабіста і не трэба. У мяне ёсць тры сведкі, якія мне ўсё распавядуць, — Паўлічэнка, Шэйман і Сівакоў"

Сведчанні Гараўскага, якія той даў у дакументальным фільме DW, на думку Алкаева, шкодзяць расследаванню справы зніклых палітыкаў. "Яны шкодзяць. Я патлумачу. Ты хадзіў, 20 гадоў насіў таямніцу. Чаму ты не раскапаў, хаця б адну костачку дастаў, нейкую дэтальку, спружынку? Прыехаў, усе расказаў, паказаў на карце. Цяпер сядзіць і чакае, як нехта паедзе капаць туды далей. Ён няслушна зрабіў. Я не ведаў месца. Ведаў прыкладна дзе. Але я не магу хадзіць з рыдлёўкай па ўсёй Беларусі і нешта капаць. А ён ведаў і сядзеў. Чаго ж ты не раскапаў, не паказаў? Кавалак адзеньня ці чаго яшчэ. Не так глыбока і было закапана. Нічога не зрабіў. Прыехаў, мапу намаляваў. Памятаеце, былі бягомльскія раскопкі. У 2001 годзе раскапалі, нічога не знайшлі. Таму я асабліва гэтаму хлопцу не веру", — дзеліцца сваімі развагамі была начальнік следчага ізалятара.

Таксама Алкаеў дзівіцца, што Гараўскі пасля эміграцыі з Беларусі не знайшоў яго ў Германіі. "Усе, хто ў Германіі ёсць, усе мяне знаходзілі. А ён неяк аб’ехаў кругам і выскачыў. Ён нашкодзіў больш, чым зрабіў дабра. Гэта мае ключавыя словы", — упэўнены былы сілавік.

Словы Гараўскага ён называе балбатнёй, а не інфармацыяй. Разам з тым ён кажа, што мае інфармацыю ад васьмі чалавек са спісу Гараўскага (агулам там было 14 імёнаў): ад некаторых з іх ёсць звесткі, якія Алкаеў прыберагае для суда.

Нагадаем, што некалькі дзён таму DW выпусціла фільм пра зніклых беларускіх палітыкаў. Галоўны персанаж фільма — былы баец САХР Юрый Гараўскі. Па яго слоах, ён меў дачыненне да выкрадання Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага

Фільм выклікаў шырокі рэзананс, абудзіўшы цікавасць да справы палітычных знікненняў канца 1990-х. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.