Аліна Коўшык — прадстаўніца Аб’яднанага кабінета па нацыянальным адраджэнні

У Аб'яднаным пераходным кабінеце з'явілася прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні. Ёй стала былая вядоўца тэлеканала "Белсат" Аліна Коўшык, паведамляецца ў тэлеграм-канале Пераходнага кабінета.

Аліна Коўшык — гісторык паводле адукацыі. Апошнія 15 гадоў яна працавала на «Белсаце», дзе была вядоўцай "Студыі Белсат", праграм "ПраСвет" і "54%". Таксама яна была сузаснавальніцай Цэнтру Беларускай Салідарнасці ў Варшаве, "ІнБелКульт 2.0" і клуба "Беларускі Варшавы".

Плануецца, што ў Пераходным кабінеце Коўшык будзе вырашаць наступныя задачы:

— ствараць стратэгію Нацыянальнага Адраджэння Беларусі;

— папулярызаваць веды па гісторыі, культуры і беларускай мове;

— рыхтаваць рэформы ў галіне культуры, адукацыі, СМІ;

— каардынаваць працу інстытутаў і ініцыятываў у пытаннях адукацыі, гісторыі і культуры;

— спрыяць супрацьдзеянню інфармацыйнай агрэсіі.

Таксама яна будзе наладжваць працу з міжнароднымі партнёрамі, амбасадамі, міжнароднымі культурніцкімі арганізацыямі для павелічэння падтрымкі беларускай культуры, адукацыі, гісторыі.

Паведамляецца, што Аліна Коўшык зоймецца стварэннем працоўных камісій па адраджэнні беларускай мовы, гістарычнай памяці ды помнікаў, геральдыцы. 

Пра стварэнне Аб'яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская абвясціла на пачатку жніўня падчас канферэнцыі ў Вільні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.