Алеся. "Одна ночь в Минске"

Калі верыць інфармацыі на вокладцы пласцінкі "Одна ночь в Минске", Алеся збіралася выдаць канцэптуальны дыск з адзінай сюжэтнай лініяй. Але аказалася, не ўсё так проста. Алеся і дыджэй Святлоў паспрабавалі  зрабіць электронную музыку, але каму патрэбная электронная музыка ад "дажынкаўскай" спявачкі?

Разбіраемся. Сыходзячы з беларускіх рэалій, альбом даволі танцавальны, каб аднайменны трэк "Одна ночь в Минске" завадзілі на дыскатэках, і даволі камічны, каб слухач мог "у’ехаць" у адкрытую пошласць трэкаў-бонусаў "Уж замуж невтерпёж" ці дуэта з Барысам Маісеевым "Салавей спявае".

На самой справе, на кружэлцы нас чакае няшмат сюрпрызаў: "Одну ночь в Минске" Алеся сабрала са сваіх лепшых хітоў і дадала некалькіх новых кампазіцый. А той факт, што спявачка падалася ў эксперыменты, кажа, хутчэй, пра тое, што спадарыні ці то хочацца рэзка апынуцца прызнанай іншай тусоўкай, ці то спатрэбіліся грошы на "кішэнныя расходы". Інакш, з чаго б "дзевачка-мажорка" пусцілася ў электронны загул, агучаны трасіруючым бітам тэхна-дыскатэк?

Сярод гадамі натрэніраваных рэчаў, найбольш душэўна апгрэйджана, бадай, гучаць "Птицы, мои птицы" і "Жаўраначка". Паслухаўшы іх пераскоквайце адразу праз саладжавы медлячок "Я всё ещё помню" і трапіце ў абсалютна лішнія кампазіцыі на альбоме –"Салавей спявае"  у дуэце з безгалосым Маісеевым і, бадай, самую пошлую кампазіцыю пласцінкі "Уж замуж невтерпёж". Думкі ў апошняй нават менш, чым у дуэце з Борам. І гэта нават не наіўна. Проста не хочацца слухаць, сыходзячы з самых постмадэрнісцкіх меркаванняў.

Да ўсяго іншага, Алеся адчувальна перабірае з пафасам – фінальныя кампазіцыі пласцінкі залішне прыпраўленыя фальшывымі апладысментамі і псеўдагулам натоўпу фанатаў.

З яшчэ адной вядомай песенькі Алесі "Золотой DJ" - у новай аранжыроўцы атрымаўся нічога сабе такі хіт у духу ранніх "Блестящих".

Не ўдалося Алесі і яе аранжыроўшчыку пазбегнуць і штампаў – ні рытмічных скачкоў, ці розных тыпаў вакалу, ці дыверсанцкіх вылазак ў вобласць нязведанага. Фактычна, падчас кожнага трэка падаецца, што недзе мы ўжо гэта чулі.

З іншага боку, нястройны, дзёрганы альбом не з’яўляецца ні правалам, ні самапаўторам – такую Алесю мы і сапраўды не ведалі. Аранжыроўшчык Аляксей Святлоў цалкам ўдала папрактыкаваўся ў рэміксах (чаго пакуль не скажаш пра яго аўтарскія кампазіцыі). Даволі паспяховы досвед у пошуках згубленага часу. І цалкам магчыма, што юныя дзяўчаты ў аграгарадках і на перыферыі, (якія так ці інакш на гэтых песнях гадаваліся, дзякуючы канцэртам БРСМ і "За Беларусь"), знойдуць у гэтых кампазіцыях многа свайго, патаемна-дзявочага. Гэта я пра "истосковалась по мужскому теплу" ці "уж замуж невтерпёж, только где его возьмёшь" - таксама варыянт.

Месцамі цікава, але ужо назаўтра наўрад ці узгадаеш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі