Алесь Анціпенка: Ідэалагічных “барыкадаў” з нагоды выбараў пакуль няма

Цікавасць да парламенцкіх выбараў у дзяржаўных медыя вельмі нізкая. А вось недзяржаўныя СМІ надаюць нашмат больш увагі надыходзячай падзеі. Такія вынікі маніторынгу беларускіх медыя напярэдадні парламенцкіх выбараў. Іх на сённяшняй прэс-канферэнцыі агучыў сябра Рады Беларускай асацыяцыі журналістаў Алесь Анціпенка.
Паводле яго інфармацыі, ідэалагічных “барыкадаў” у СМІ пакуль не адчуваецца. Медыя перасталі паліваць адзін аднаго брудам і сталі рознабакова асвятляць перадвыбарны працэс.

Алесь Анціпенка: “Ёсць тэндэнцыя да больш спакойнага стаўлення практычна да ўсіх удзельнікаў выбарнага працэсу. Раней: вось, яны такія.. зноў хочуць сфальсіфікаваць вынікі, мы іх ведаем... Вось такога падыходу з боку недзяржаўных медыяў практычна не назіраецца”.


Але ў той жа час спадар Анціпенка зазначыў, што гэта толькі пачатак. Маніторынг доўжыцца ўсяго 10 дзён і працягнецца аж да 27 верасня. Таму далей варта чакаць больш жорсткай перадвыбарнай барацьбы ў СМІ.

Алесь Анціпенка: “Самая цікавая сітуацыя, канечне, будзе тады, калі зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты будуць мець мажлівасць агітацыі. Тады, натуральна, пазіцыі розных медыяў будуць яшчэ больш відавочнымі”.

Хаця ўжо цяпер у дзяржаўнай прэсе можна прачытаць непрыемныя водгукі пра апазіцыю. У адным з артыкулаў БелТА ахарактарызавала беларускую апазіцыю як несур’ёзную і бездапаможную.

Алесь Анціпенка: “Апазіцыянеры (цытата) гатовыя разлічваць на тое, што кіраўнік дзяржавы возьме іх за ручку і прывядзе, як маленькіх, у авальную залу. Так, літаральна талерачка з блакітнай каёмачкай”...

Уся астатняя інфармацыя ў дзяржаўных СМІ – гэта ў асноўным сухія афіцыйныя факты Цэнтрвыбаркаму. А вось асвятленне выбараў у недзяржаўных медыя, паводле маніторынгу, нашмат больш шырокае.

Алесь Анціпенка: “Газета “Белорусы и рынок” прысвяціла тэме выбараў плошчы болей, чым, напрыклад, галоўная газета краіны “Советская Белоруссия”. Іншыя недзяржаўныя выданні таксама адвялі ў разы больш плошчы выбарнаму працэсу, чым газета “Рэспубліка”, да прыкладу”.

Вынікі наступнай часткі маніторынгу БАЖ агучыць 18 жніўня.


Фота — ru.id-as.com і БАЖ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі