Алег Гайдукевіч: Падчас затрымання сляпога ў метро міліцыя дзейнічала законна

Алег Гайдукевіч: Падчас затрымання сляпога ў метро міліцыя дзейнічала законна

Вядучы праграмы “Клуб рэдактараў”, галоўны рэдактар газеты Адміністрацыі прэзідэнта “СБ-Беларусь сегодня” Павел Якубовіч папрасіў Алега Гайдукевіча, былога начальніка Фрунзенскага РУУС Мінска, а зараз – начальніка штаба кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Гайдукевіча пракаментаваць сітуацыю з затрыманне міліцыянерамі сляпога жабрака ў метро 18 верасня.

“Міліцыянеры дзейнічалі законна. Адзінае, яны павінны былі ўлічваць той факт, што зараз практычна ў кожнага ёсць тэлефон, на які яны могуць зняць усё, што адбываецца, і выкласці ў інтэрнэт”, -- заявіў Алег Гайдукевіч.

Нагадаю, інцыдэнт адбыўся ў пятніцу 18 верасня. Паводле афіцыйнай версіі, да міліцыянтаў паступіла скарга на жабрака, які прасіў міласціну. Мужчына аказаў супраціў. Многія пасажыры метро раз’юшыліся, калі ўбачылі, як на сляпога надзелі кайданкі і пацягнулі за ногі прама па падлозе. Гісторыя мела вялікі рэзананс у сацсетках і СМІ.

21 верасня, адказваючы на пытанне Еўрарадыё Ці прафесійна дзейнічалі ў пераходзе супрацоўнікі міліцыі?,  Алег Гайдукевіч, заявіў:

“Стаўлюся да іх дзеянняў крайне адмоўна, лічу іх непрафесійнымі. Не важна, судзімы чалавек, ці не судзімы, кусаўся ён ці не. Калі я бачу што чалавека штурхаюць нагой і ён скатваецца па лесвіцы, пра які прафесіяналізм можна весці гутарку. Калі б каманду аб затрыманні ў такой сітуацыі даваў я, то трэба было б надзець кайданкі і культурна-ветліва павесці. Калі чалавек аказвае супраціўленне, затрымліваць яго павінен не адзін чалавек, а некалькі. Ён не Шварцэнэгер, каб там было ўжо такое супраціўленне! Тым больш, калі ён сляпы. Лічу што павінна быць праведзеная службовая праверка”.

Зараз Алег Гайдукевіч заяўляе, што Следчы камітэт мусіць не службовую праверку наконт законнасці дзеянняў міліцыянераў праводзіць, а мусіў “своечасова інфармаваць СМІ аб падрабязнасцях інцыдэнту”. І кажа, што абвінавачваючы міліцыю у супрацьпраўных дзеяннях нехта свядома ўзбуджае грамадства падчас выбарчай кампаніі. Гайдукевіч заявіў, што такі крымінальнік, як сляпы жабрак Дзмітрый А. павінен сядзець у турме.

Дарэчы, днямі міністр МУС Ігар Шуневіч падчас прамой лініі заявіў, што "супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі ў адпаведнасці з заканадаўствам і не перавыслі сваіх паўнамоцтваў". Іх дзеянні кіраўніцтвам міністэрства ўнутраных спраў ацэненыя "як адпаведныя нормам і правілам у такіх выпадках".

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі