Акупацыі Кіева не будзе: чаму не трэба чакаць "класічнай" вайны

Чыгуначны вакзал Кіева / Naumenkophotographer
Чыгуначны вакзал Кіева / Naumenkophotographer

Расія не стане ў выпадку канфлікту ні акупаваць Украіну цалкам, ні займаць частку яе тэрыторыі, перакананы намеснік дырэктара ўкраінскага Цэнтра даследавання войска, канверсіі і раззбраення Міхаіл Самусь.

Масква працягвае адмаўляць планы па эскалацыі канфлікту. Украінская Рада нацыянальнай бяспекі і абароны таксама кажа, што не бачыць "сёння падстаў сцвярджаць, што будзе поўнамаштабны наступ РФ".

Але і ў выпадку эскалацыі "класічнай вайны" не будзе, перакананы Міхаіл Самусь. Расіі дастаткова было б стварыць хаос, каб у далейшым пастарацца зайсці на тэрыторыю Украіны з "гуманітарнай інтэрвенцыяй". Не трэба будзе нават "да пары да часу, пакуль Украіна не выспее", ствараць на яе тэрыторыі вайсковыя базы.

 

"Жыццё ўскладніцца не праз ваенную пагрозу"

— У выпадку з Украінай, мне бачыцца, Расія можа выкарыстоўваць кропкавыя ракетныя ўдары або правядзенне кібернетычных атак, інфармацыйна-псіхалагічных атак, каб стварыць невыносныя ўмовы для жыцця людзей, асабліва — у вялікіх гарадах-мільённіках, — мяркуе Самусь.

Жыццё ў гэтых гарадах у такім выпадку ўскладніцца не праз ваенную пагрозу, а праз тое, што ў іх будзе адсутнічаць электрычнасць, лагістыка будзе парушаная, а кіраваць пачне не дзяржава, а крымінал. Такія ўмовы можна выкарыстоўваць для абгрунтавання неабходнасці гуманітарнай інтэрвенцыі.

— Галоўная задача Пуціна, наколькі я разумею, ператварыць Украіну ў fail state, каб чарговы раз расіяне сказалі: вы хочаце як ва Украіне? Вы хочаце давесці краіну да таго ж хаосу, забойстваў на вуліцы? — разважае суразмоўнік Еўрарадыё.

 

Які профіт?

Суразмоўнік Еўрарадыё не дае адназначнага адказу на пытанне пра тое, ці будзе эскалацыя канфлікту. Ён лічыць, што "з палітычнага пункту гледжання ўсё будзе залежаць ад таго, наколькі Пуціну падасца выгадным напасці на Украіну".

— Мы не гаворым пра тое, будзе выкананы ўльтыматум [праект дамовы МЗС РФ аб гарантыях бяспекі. — Еўрарадыё] ці не будзе выкананы ўльтыматум. Мы гаворым пра тое, які профіт ад гэтага атрымае Пуцін, ці стабільнейшым стане яго рэжым, — лічыць Самусь.

Сама Украіна пакуль дэманструе спакой, як і ЕС, які не плануе, у адрозненне ад ЗША і Вялікабрытаніі, вывозіць з Кіева сваіх дыпламатаў.

Сакратар РНБА Украіны Аляксей Данілаў у гутарцы з журналістамі ўкраінскай службы ВВС сказаў, што "крычаць ад страху не трэба".

— Колькасць расійскіх войскаў не павялічваецца ў тым выглядзе, у якім сёння гэта многія малююць. Ці ёсць у іх там манеўры — так, ёсць, але яны былі ў іх пастаянна. Гэта іх тэрыторыя, яны маюць права там мітусіцца налева, направа. Непрыемна гэта для нас? Так, непрыемна, але для нас гэта не навіна. Калі гэта на Захадзе для кагосьці стала навіной, прабачце.

Поўную версію гутаркі глядзіце на нашым ютуб-канале

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі