Акцыя бел-чырвона-белага сцяга на Кастрычніцкай скончылася без затрыманняў

Акцыя “Праспект нацыянальнага сцяга” ў цэнтры Мінска прайшла без затрыманняў. Яна доўжылася прыкладна паўтары гадзіны і да яе далучылася прыкладна паўсотні чалавек. Мерапрыемства, не санкцыянаванае ўладамі, праходзіла на Кастрычніцкай плошчы і было прымеркаванае да 25-х угодкаў зацвярджэння бел-чырвога-белага сцяга і герба “Пагоня” ў якасці дзяржаўных сімвалаў Беларусі.

Ініцыятарамі збору выступа аб’яднанне “Малады фронт”. Сустаршыня арганізацыі Зміцер Дашкевіч раздаваў усім ахвотным бел-чырвона-белыя сцягі, а таксама стужкі з нацыянальным беларускім арнаментам. Паводле Радыё Свабода, людзі стаялі ўздоўж праспекта ад “нулявога кіламетра” да ўніверсама будынку КДБ і размахвалі сцягамі.

Сярод прысутных былі заўважаныя экс-кандыдат у прэзідэнты, пісьменнік Уладзімір Някляеў, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, актывісты Павел Вінаградаў і Алесь Макаеў, а таксама некаторыя іншыя прадстаўнікі апазіцыі.  

Паводле БелаПАН, за акцыяй назіралі міліцыянты ў цывільным, але не ўмешваліся. Затрыманняў і складання пратаколаў на месцы збору не было.