Акцыі пратэсту “недармаедаў” адбыліся ў чатырох гарадах Беларусі

Акцыі пратэсту “Марш недармаедаў” прайшлі ў нядзелю, 26 лютага, у чатырох гарадах Беларусі. Самай шматлюднай атрымалася акцыя ў Віцебску, на якой прысутнічала каля 2 тысяч чалавек. Арганізатараў у гэтага маршу не было — людзі прыйшлі на плошчу Перамогі, дзе афіцыйныя ўлады праводзілі Масленіцу, паведамляе Радыё Свабода. Пратэстоўцы вырашылі не замінаць народным гулянням і пайшлі калонай да плошчы Леніна. Удзельнікі акцыі выкрыквалі лозунгі “Не — дэкрэту №3”, “Лукашэнка, сыходзь”, “Жыве Беларусь”. У натоўпе былі бел-чырвона-белыя сцягі.

Больш за 1500 чалавек сабраліся на цэнтральнай плошчы Бабруйска. Перад прысутнымі выступіў Віталь Рымашэўскі, адзін з кіраўнікоў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і экс-кандыдат у прэзідэнты, паведамляе “Наша Ніва”.

Фота: Твітэр "Вясны"

Каля 300 чалавек пратэставалі ў Брэсце. Самым папулярным лозунгам было: “Баста!”. Больш за 300 чалавек пратэставалі на плошчы Леніна ў Баранавічах. Да ўдзельнікаў акцыі прыехаў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Акцыя ў Баранавічах

Акцыя ў Брэсце

Дэкрэт №3 “Аб перадухіленні сацыяльнага ўтрыманства” быў прыняты ў красавіку 2015 года і стаў вядомым як “дэкрэт аб дармаедах”. Паводле дакументы, усе працаздольныя беларусы, якія не былі афіцыйна занятыя болей за 183 дзён у календарным годзе, павінны заплаціць дзяржаве збор. У канцы 2016 года падатковая пачала рассылаць “лісты шчасця” тым, каго палічыла сацыяльнымі ўтрыманцамі. Гэты дэкрэт выклікаў пратэсты ў Мінску — у сталіцы акцыя прайшла 17 лютага, а затым акцыі адбыліся 19 лютага ва ўсіх абласных цэнтрах.

Усе акцыі не былі санкцыянаваныя мясцовымі ўладамі.