Ахвяры чумы: 140-кілаграмовую свінню дзяржава кампенсуе ў 2,6 мільёна

Жыхарам Стаўбцоўскага раёна сплацілі кампенсацыі за знішчаных “чумных” свіней. Нагадаем, што ў сярэдзіне чэрвеня стала вядома пра ліквідацыю парсюкоў у вёсках Цеснавая, Ніўнае, Налібакі, Хатава і Зяневічы. Выехаўшы на месца падзеяў, мы пабачылі, як людзі масава колюць свіней, каб тых не ўсыплялі. А праз некалькі дзён жывёлу пачалі знішчаць на справе. Тушы грузілі ў кузаў і вывозілі. Пры гэтым вагу свіней мералі на вока, а людзям выдавалі “акты” з подпісамі службовых асоб, але без пячаткі і ўказання сумаў кампенсацый.  

Тым не менш днямі жыхары вёскі Цеснавая паведамілі Еўрарадыё пра тое, што атрымалі кампенсацыю. 

“Згодна з актамі канфіскацыі, мы склалі спісы людзей і падалі іх у райвыканкам. Абласны бюджэт усё прафінансаваў. Грошы выдавалі арганізавана, з аховай ― прысутнічалі супрацоўнікі міліцыі, ― кажа пра механізмы гэтых выплат Тадэвуш Галавач, старшыня Літвінскага сельвыканкама, да якога адносіцца і вёска Цеснавая. ―Усе сумы мы сплацілі не пазней чым праз тры тыдні пасля канфіскацый”.

Еўрарадыё: А якая была сума?

Тадэвуш Галавач:  “18 969 рублёў за кг. Людзі непакоіліся: чаму няма пячаткі? Тады мы атрымалі ў ветэрынарнай службе акты з пячаткамі. Ветурач, калі праводзіў эўтаназію жывёлы, ацэньваў вагу. Ну і гаспадары ведалі прыкладную лічбу. Пытанняў не ўзнікала ў бок змяншэння. Калі чалавек катэгарычна настойваў, што вага такая, такая і ставілася”.

Такім чынам, за парсюка ў 140 кг сплачваецца прыкладна 2 656 000 рублёў.  Тэарэтычна яшчэ месяцаў пяць таму прадаць мяса селянін мог удвая даражэй. Але і такая лічба не выглядае малой, калі ўлічваць надзвычайную сітуацыю.

Калі звычайным жыхарам вёсак кампенсацыі вяртаюць, то што будзе з фермерамі, у якіх свіней канфіскоўвалі сотнямі?

Я ездзіў у выканкам, пісаў заяву на выплату кампенсацыі, цяпер чакаю, ― распавядае Анатоль Яновіч, які развіваў прыватны свінакомплекс у вёсцы Галімцы Валожынскага раёна і пазбавіўся больш як 100 свіней. ― Іх канфіскавалі 20 ліпеня, сказалі, цягам двух тыдняў грошы выплацяць. Роўна год займацца гадаваннем будзе нельга. Удар па мне нанесены моцны, калі і атрымаецца ачуняць, то толькі праз два-тры гады”.

*** 

Афіцыйна аб праблеме АЧС Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду паведаміў датычна двух месцаў. Гэта комплекс “Лучэса” ў Віцебскім раёне і вёска Чапунь Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Днямі правесці забой свіней загадалі жыхарам Ляхавіцкага, Івацэвіцкага, Пружанскага і Баранавіцкага раёнаў. Свіней канфіскоўвалі ці загадвалі калоць, як ужо пісалася, у  Стаўбцоўскім, Валожынскім, нават у Светлагорскім раёнах. Гэта толькі тая інфармацыя, што трапіла ў СМІ.  Маштабы эпідэміі выглядаюць сур’ёзнымі.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц патлумачыў сітуацыю ў праблемных раёнах “наяўнасцю ачагоў захворвання, дзе прыняты ўсе меры для нераспаўсюджвання АЧС”.  У той жа час суседнія краіны Еўрасаюза забілі трывогу і просяць у Брусэлі агромністыя сумы на прафілактыку пагрозы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі