Ахоўнікі гомельскага “Еўраопту” пабіліся з наведнікамі (відэа)

Падрабязнасці інцыдэнту, які адбыўся ў гандлёвым цэнтру на вуліцы Хатаевіча, апублікаваў блогер nafanko.



“Калі я плаціў на касе, пачуў дыялог мужчыны гадоў 27-і і яго дзяўчыны з касірам і ахоўнікамі. Спрэчка ішла пра нейкі чэк за набытую раней, але зноў пранесеную ў гандлёвую залу шакаладку. Як я зразумеў з дыялогу, чэка не было, але са слоў мужчыны з дзяўчынай ахоўнік каля ўваходу ў гандлёвую залу кіўнуў, маўляў усё добра. Можа яно і не так усё было, як яны казалі, і шакаладка была сапраўды не аплачаная, але сутнасць не ў гэтым”, — распавядае перадгісторыю канфлікту відавочца падзеі.



Паміж удзельнікамі канфлікту пачалася слоўная сварка, пасля чаго мужчына з дзяўчынай паспрабаваў сысці. Аднак ім не ўдалося пакінуць гіпермаркет. Ахоўнікі штурхнулі дзяўчыну і пачалі збіваць мужчыну. Усе гэтыя дзеянні суправаджаліся ненарматыўнай лексікай з абодвух бакоў.



Пасля адзін з ахоўнікаў некалькі разоў ударыў дзяўчыну кулаком у твар. На апошнім відэа бачна, як яна забілася ад шоку ў кут і трымаецца за галаву. Пол каля яе запэцканы крывёй.



“Скажыце мне, калі ласка, якім законам якой краіны дазволенае рукапрыкладства да бяззбройнай жанчыны? Так, у ахоўнікаў цяжкая і напружаная, часам знясільваючая праца. Так, яна абараняла знаёмага (блізкага?) чалавека... Ахоўнікі гіпермаркета пусцілі кроў з носа дзяўчыне і паставілі здаровы сіні фінгал пад вокам за лаянку? За неаплачаную шакаладку? Я ўсякае сустракаў — у інтэрнэце шмат выпадкаў, як ахоўнікі гандлёвых цэнтраў і крам адцягваюць “буяных” у “глухія зоны для камер відэаназірання”і там рукапрыкладствуюць, але каб дзяўчыну…” — абураецца відавочца падзеі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі