Агульная армія Еўрасаюза: што думаюць у розных краінах ЕС

Старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер напрыканцы мінулага тыдня прапанаваў ідэю стварэння арміі Еўрасаюза. Па яго словах, такое войска “дасць Расіі зразумець, што ЕС сур’ёзна ставіцца да адстойвання сваіх каштоўнасцяў”.

Стаўленне краін ЕС

Нямецкія палітыкі пазітыўна ставяцца да прапановы кіраўніка Еўракамісіі. На мінулых выбарах у бундэстаг за гэтую ідэю выступала Сацыял-дэмакратычная партыя (СДПГ). Канцлер ФРГ Ангела Меркель і міністр абароны ФРГ Урсула фон дэр Ляен заявілі, што Еўрасаюз мае патрэбу ў “паглыбленым супрацоўніцтве ў ваеннай сферы”. Аднак яны падкрэслілі, што гэта “праект будучага”, і з прызначэннем канкрэтных тэрмінаў яго рэалізацыі спяшацца не варта, піша Deutsche Welle.

А вось брытанскі бок мае супрацьлеглае меркаванне. Прадстаўнік брытанскай кансерватыўнай партыі па пытаннях абароны і бяспекі Джэфры Ван Ордэн у інтэрв'ю the Guardian адзначыў:

“Гэтае імкненне да еўрапейскай арміі мусіць спыніцца. Для еўракратаў кожны крызіс разглядаецца як магчымасць далейшай цэнтралізацыі ЕС. Але абарончыя амбіцыі ЕС шкодныя для нашых нацыянальных інтарэсаў, для інтарэсаў НАТА і саюзаў, якія мае Вялікабрытанія з многімі краінамі, што не ўваходзяць у ЕС (з ЗША, з саюзнікамі ў Персідскім заліве і ў многіх краінах Садружнасці).”

Эксперт па пытаннях бяспекі Польскага міжнароднага інстытута Беата Гурка-Уінтэр ў размове з Еўрарадыё распавяла, што польскі бок таксама скептычна ставіцца да ідэі агульнага войска ЕС.

“Ідэя Юнкера вельмі няясная. Зразумела, яна базуецца на тым, што гэтая агульная еўрапейская армія мусіць стаць пэўным дадаткам NATO і не павінна яе дубляваць. Але ў дадзены момант NATO вельмі моцная арганізацыя. На цяперашні момант мы можам называць NATO эфектыўнай ваеннай арганізацыяй, якая можа даць адпор пагрозам любога кшталту і з любога накірунку. А еўрапейская ахова і абараняльная паліцыя яшчэ не вельмі добра развітыя”.

Эксперт дадае, што ідэя Юнкера, хутчэй, мае доўгатэрміновы характар і накіраваная на будучыню.

“Еўрапейская ахова і абараняльная паліцыя яшчэ не вельмі добра развітыя. Мы маем шмат дэкларацый на паперы. Мы праводзілі шмат міжрэгіянальных вучэнняў. Але ўсе гэтыя баявыя групы мы дагэтуль не выкарыстоўвалі ў вайсковых аперацыях”.

Магчымыя перавагі новай арміі

У цяперашні час у ЕС існуе 28 армій, у якіх агульная колькасць салдат складае каля 1,5 мільёна чалавек. Абарона арганізаваная пераважна на нацыянальным узроўні, што прыводзіць да дублявання структур, функцый і ды высокіх выдаткаў. Прыхільнікі ідэі еўрапейскай арміі запэўніваюць, што супрацоўніцтва ўсіх краін ЕС дазволіць эканоміць на распрацоўцы і набыцці сучасных сістэм узбраення і пераразмеркаваць задачы такім чынам, каб кожная з краін мела сваю ваенную спецыялізацыю.

Разам з тым, абарона ўласных нацыянальных інтарэсаў для многіх дзяржаў ЕС у дачыненні адна да адной больш не мае сэнсу. На думку прыхільнікаў ідэі, еўрапейскае войска стане сімвалам адзінства і сілы, а таксама пакажа ўсім у свеце, што паміж дзяржавамі, якія ўваходзяць у ЕС, ніколі не будзе вайны, адзначае Deutsche Welle.

Магчымыя цяжкасці

У выданні адзначаецца, што асновай для агульнага войска стане адзіная еўрапейская знешняя палітыка і палітыка бяспекі. Але галоўнае пытанне заключаецца ў тым, ці будуць згодныя ўсе краіны ЕС перадаць Бруселю паўнамоцтвы па выкарыстанні іх войскаў. Не варта таксама забываць, што для шэрагу краін армія на працягу многіх гадоў з'яўляецца важным знакам нацыянальнага суверэнітэту і інструментам палітычнага ўплыву, ад чаго ім прыйдзецца адмовіцца.

Акрамя таго, усе краіны ЕС мусяць распрацаваць адзіны механізм, які б рэгуляваў удзел еўрапейскай арміі ў баявых дзеяннях за мяжой. Але ў кожнай краіне ўжо існуюць свае заканадаўчыя нормы. Напрыклад, у Францыі з 2008 года ўступіў у сілу закон, згодна з якім, любая аперацыя ўзброеных сілаў за мяжой, калі яе тэрмін перавышае чатыры месяцы, патрабуе згоды парламента.

Так напрыклад, у Вялікабрытаніі ўдзел парламента ў прыняцці падобных рашэнняў не прапісаны заканадаўча. Аднак практыка апошніх гадоў паказвае, што прэм'ер-міністр заўсёды звяртаецца ў Палату абшчын для атрымання дазволу. У Германіі рашэнне пра адпраўку вайскоўцаў бундэсвера ў тую ці іншую краіну павінна ў абавязковым парадку зацвярджацца бундэстагам.

Апошнія тэндэнцыі

Цяпер супрацоўніцтва паміж войскамі краін ЕС адбываецца часцей за ўсё на двухбаковай аснове. Германія супрацоўнічае з Францыяй у межах вучэнняў у Малі, а ў чэрвені мінулага года 11-я паветраная мабільная брыгада арміі Нідэрландаў была перададзеная пад камандаванне бундэсвера.

Падобнае ўзаемадзеянне можа адбыцца і паміж Германіяй і Польшчай: да нямецкай арміі пяройдзе кантроль над польскім батальёнам, у адказ 600 салдат бундэсвера будуць знаходзіцца пад камандаваннем польскіх вайскоўцаў.

Акрамя таго, яшчэ ў 2004 годзе ў Еўрапейскім Саюзе была дасягнутая дамоўленасць пра стварэнне невялікіх мабільных падраздзяленняў, якія павінны аператыўна рэагаваць на канфлікты ў гарачых кропках. І на наступны год яны ўжо былі сфармаваныя. Праўда, да гэтага часу іх ні разу так і не задзейнічалі.

Фота: Frederick Florin, AFP, Claude TRUONG-NGOC, ber60.over-blog.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі