Афіцыйна: Расследуюцца крымінальныя справы аўтараў расійскіх сайтаў

Афіцыйна: Расследуюцца крымінальныя справы аўтараў расійскіх сайтаў

У Беларусі расследуюцца крымінальныя справы ў дачыненні да аўтараў расійскіх сайтаў. Артыкул — "распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы" (арт. 130 КК). Затрыманыя два чалавекі — вартаўнік і выкладчык. Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, падставай для распачацця крымінальных спраў сталі паведамленні з Міністэрства інфармацыі Беларусі. Высветлілася, што Рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі знайшла прыкметы праяваў экстрэмізму ў шэрагу публікацый на сайтах "Регнум", "Лента.ру", "ЕАДЭЙЛИ" некалькіх аўтараў.

Праваахоўнікі даведаліся, што пад псеўданімам Ала Бронь публікаваўся Дзмітрый Алімкін, жыхар Брэста, які працуе вартаўніком у адной з устаноў адукацыі горада. Пад псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў хаваўся Юрый Паўлавец, выкладчык БДУІР. Такім чынам неафіцыйная інфармацыя пра іх затрыманне пацвердзілася.

Падкрэсліваецца, што падчас ператрусаў былі атрыманыя дадзеныя пра дачыненне згаданых асобаў да супрацьпраўднай дзейнасці. Яны рыхтавалі "замоўныя публікацыі" і атрымлівалі за гэта грашовыя ўзнагароджанні ад грамадзяніна Беларусі Юрыя Баранчыка, які стала жыве ў Маскве. Следства перакананае, што менавіта матэрыяльная зацікаўленасць была асноўным матывам дзейнасці Алімкіна і Паўлаўца. Яны знаходзяцца пад вартай.

Тэлеканал СТБ адзначае, што затрыманым, якія спрабавалі пасварыць "брацкія народы", пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення. Іх крымінальныя справы могуць аб'яднаць у адну.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі