“Адзін чалавек прыйшоў на ўзгадненне спадарожнікавай талеркі”

У адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска кажуць, што ў прыёмныя дні — панядзелак і чацвер — да галоўнага архітэктара стаяць літаральна чэргі з жадаючых узгадніць талерку ці кандыцыянер.

“Аддзел гарадской гаспадаркі гэтым займаецца, а да галоўнага архітэктара на ўзгадненне прыходзяць”, — кажуць мне ў адміністрацыі і дадаюць, што ўсім дадуць шанец на выпраўленне.

Але ў ЖРЭА № 1 Фрунзенскага раёна такім размовам пра чэргі здзіўляюцца:

“Адзін чалавек прыйшоў на ўзгадненне ад моманту набывання моцы гэтай пастановы Саўміна, болей нікога не было…”, — у ЖРЭА дадаюць, што законнасць усталёўкі талеркі правераць з усёй строгасцю. Штрафы — ад 10 да 30 базавых.

У ЖЭСе № 2 Ленінскага раёна Мінска гавораць, што людзі абураюцца:

“Мы спрабуем размаўляць, каб яны дэмантавалі ці пачыналі працэс узгаднення. Людзі самі ведаеце, як рэагуюць… Абураюцца, думаюць, што гэта дадатковыя грошы ў казну!”

У ЖЭСе мне прапануюць сваю версію, чаму спадарожнікавыя талеркі без узгаднення — гэта кепска. Рэч нават не ў эстэтыцы ці шкодзе будынку. На думку ЖЭСа, талеркі ўплываюць на людзей са штучнымі клапанамі на сэрцы. І ажно расказваюць рэальную гісторыю.

“… была такая сітуацыя, што людзі ўсталявалі талерку, а ў суседкі — штучны клапан на сэрцы, і яна пачала дрэнна сябе адчуваць. Суседзі пайшлі насустрач і перавесілі талерку. Талерка — гэта выпраменьванне, кандыцыянеры, асабліва на гандлёвых цэнтрах, гэта шум”.

У баранавіцкіх камунальшчыкаў іншае тлумачэнне: са спасылкай на будаўнікоў распавядаюць пра шкоднае дзеянне спадарожнікавых антэн на сцяну.

“Калі талерка ўсталявана, на ёй наліпае снег ці дождж, а потым гэта ўсё на сцяну, і сцяна разбураецца. У якога будаўніка ні спытай, усе скажуць, што  вялікая верагоднасць, што менавіта ў гэтым месцы пачнецца сцяна разбурацца. А мы ў інтэрнэце прачыталі ў каментарыях, што гэта рэжым, і нам не даюць глядзець спадарожнікавае ТБ! Але гэта не так. А вы як думаеце?” — нечакана пытаюцца Еўрарадыё ў Баранавіцкім ЖРЭА.

Не турбуюцца пра талеркі і ў далёкім ад сталіцы Гомелі. У ЖРЭА толькі сёння атрымалі пастанову зверху:

“Дык я чытаю гэту пастанову, быццам бы з нашай пастановы гарвыканкама спісалі. Усё адзін у адзін! Рэч у тым, што ў нас гады два назад забаранілі вешаць кандыцыянеры і спадарожнікавыя талеркі на магістральных вуліцах і гісторыка-культурных каштоўнасцях”, — кажуць у ЖРЭА і дадаюць, што ніякай істэрыкі са спадарожнікавымі талеркамі няма — ніхто антэны не здымае і правяраць не бегае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі