Лукашэнка адмяніў іспыты ў гімназіі, а Кодэкс не паправілі. Да д'ябла Кодэкс?

Лукашэнка адмяніў іспыты ў гімназіі, а Кодэкс не паправілі. Да д'ябла Кодэкс?

Як стала вядома Еўрарадыё, праект абноўленага Кодэкса аб адукацыі, які павінен быў замацаваць адмену ўступных іспытаў у гімназію, паступіць у Палату прадстаўнікоў не раней за 1 ліпеня. Такім чынам, па Кодэксе экзамены застаюцца, па прэзідэнцкім ўказе — адмененыя. Што рабіць школьнікам — вось у чым пытанне.

“Прычым да ўказа Кодэкс аб адукацыі? — здзіўляюцца ў… Міністэрстве адукацыі. — Мы працуем па ўказе кіраўніка дзяржавы. Ён адмяніў уступныя іспыты ў пятыя класы.  Гімназіі цяпер — гэта ўстановы адукацыі, дзе дзеці вучацца з першага па дзясяты клас. Кодэкс ніякай сілы на ўказ не мае. Гэта ж ўказ прэзідэнта!”

Раней на пытанне журналіста Еўрарадыё: “А калі дэпутаты не прымуць змены ў Кодэкс аб адукацыі і пакінуць іспыты ў пяты клас гімназій?”, намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка проста развяла рукамі:

Праект новага кодэкса Саўмін, магчыма, вынесе на грамадскае абмеркаванне. Пра гэта ў каментарыі Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар прэм’ер-міністра Уладзіслаў Сычэвіч. Толькі адмену экзаменаў абмяркоўваць ужо не збіраюцца.

Што круцей: указ ці кодэкс?

Калі папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі не паспеюць прыняць да пачатку наступнага навучальнага года, у беларускім заканадаўстве будзе канфліктная сітуацыя. Указ Аляксандра Лукашэнкі адмяняе іспыты ў гімназіі, а Кодэкс аб адукацыі захоўвае ўсё як было. Але што будзе выконвацца: указ ці Кодэкс? 

“У Кодэксе можа быць адсылка на тое, што шэраг рашэнняў рэгулюецца ўказам Лукашэнкі, — мяркуе былы суддзя і старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Рыгор Васілевіч. — Таму заканадаўца можа дэлегаваць паўнамоцтвы прэзідэнту, якi выдаў адпаведны ўказ”.

“Можна не сумнявацца, што будзе дзейнічаць указ”, — кажа былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў. — Потым прывядуць у адпаведнасць з ім нейкае палажэнне Кодэкса. Іншая справа, што гэта відавочны выпадак, калі акт ніжэйшай юрыдычнай сілы фармальна супярэчыць акту вышэйшай сілы, якім з’яўляецца Кодэкс”.

На пытанне, ці можна прымаць указамі рашэнні накшталт адмовы ад экзаменаў у гімназіі, суразмоўца адказаў: “Лічу, што гэта не тыя справы, якімі павінен займацца прэзідэнт. Гэта пытанні адукацыі. Такія пытанні павінны вырашаць у Міністэрстве адукацыі з улікам просьбаў бацькоў. Мне падаецца, што выдаваць па гэтым пытанні указ — гэта занадта”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі